Грамадзянкі Эрытрэі і Эфіопіі спрабавалі парушыць беларуска-польскую граніцу
Інцыдэнт адбыўся 30 сакавіка ў Гродзенскім раёне. Мясцовыя жыхары заўважылі невядомых, якія накіроўваліся ў бок дзяржаўнай граніцы, і паведамілі пра гэта на пагранзаставу "Брузгі".
У хуткім часе пагранічны нарад затрымаў 31-гадовую жыхарку Эрытрэі і 21-гадовую грамадзянку Эфіопіі, якія, як высветлілася, планавалі незаконна перасекчы граніцу.
Варта адзначыць, што ураджэнка Эфіопіі ведала правілы перасячэння граніцы і знаходжання замежнікаў у прыграніччы –некалькімі днямі раней яна прыязджала ў гэты раён, дзе пагранічнікі правялі з дзяўчынай гутарку аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства аб дзяржаўнай граніцы. Аднак імкненне іншаземкі апынуцца ў Еўрасаюзе было мацней законапаслухмянасці. Вырашыўшы выпрабаваць поспех, дзяўчына адшукала спадарожніцу, з якой і паспрабавала парушыць граніцу.
Затрыманыя дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання Гродзенскай пагранічнай групы. Распачаты адміністрацыйны працэс за спробу незаконнага перасячэння граніцы і парушэнне пагранічнага рэжыму. Парушальнікаў чакае дэпартацыя з забаронай уезду ў Беларусь да 5 гадоў і вялікі штраф.