Фальшывыя камандзіровачныя на граніцы: з пачатку года ўжо 10 фактаў
Брэсцкія пагранічнікі за тры месяцы гэтага года выявілі дзесяць выпадкаў выкарыстання фальшывых або падробленых камандзіровачных пасведчанняў, з дапамогай якіх восем жыхароў Брэста і двое гродзенцаў спрабавалі перасекчы беларускую граніцу ў парушэнне абмежаванняў, прадугледжаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 кастрычніка 2020 года №624 "Аб мерах па прадухіленні распаўсюджвання інфекцыйнага захворвання". Сапраўднай мэтай паездак, як правіла, было наведванне магазінаў.
Першы падобны выпадак на ўчастку Брэсцкай пагранічнай групы адбыўся ў лістападзе мінулага года. 37-гадовы берасцеец прад'явіў пагранічнікам падробленае камандзіровачнае пасведчанне, якое вырабіў самастойна. 9 лютага бягучага года суд Маскоўскага раёна горада Брэста прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні злачынства, адказнасць за якое прадугледжаная ч. 1 арт. 380 КК Рэспублікі Беларусь і аштрафаваў парушальніка на 1160 рублёў.
Пры перасячэнні граніцы грамадзяне прад'яўлялі альбо падробленыя камандзіровачныя, альбо дакументы арганізацый, у якіх яны ніколі не працавалі, у тым ліку фірмаў, зарэгістраваных у Расійскай Федэрацыі. Варта адзначыць, што для пагранічнікаў праверка сапраўднасці пасведчанняў, а тым больш пры дапамозе сучасных тэхнічных сродкаў, складанасці не ўяўляе.
Большасць парушальнікаў нават не задумваліся, што прад'яўленне падробленых дакументаў-сур'ёзнае парушэнне. Справа ў тым, што грамадзяне сваімі дзеяннямі адначасова падпадалі пад санкцыі артыкулаў Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Крымінальнага кодэкса. Калі за спробу незаконнага перасячэння граніцы прадугледжаны штраф да 100 базавых велічынь, то за выкарыстанне падробленых дакументаў-абмежаванне волі да двух гадоў.