На граніцы з Украінай затрыманы парушальнік, які хаваецца ад крымінальнага пераследу
Пінскія пагранічнікі прадухілілі парушэнне дзяржаўнай граніцы, затрымаўшы "незаконнага падарожніка" і яго памочніка.
Вайскоўцы пагранічнага паста "Трушава" паводле аператыўнай інфармацыі затрымалі невядомага паблізу дзяржаўнай граніцы. Ім аказаўся жыхар Мінска. Пагранічнікамі ўстаноўлена, што мужчына спрабаваў схавацца ад крымінальнага пераследу, плануючы незаконна трапіць ва Украіну.
Крыху пазней быў затрыманы і памочнік правапарушальніка, які пражывае ў вёсцы Ласіцк Пінскага раёна. Малады чалавек аказваў садзейнічанне сталічнаму "госцю" ў рэалізацыі незаконнай задумы. Варта адзначыць, што ў кастрычніку мінулага года жыхар Пінскага раёна прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства паводле артыкула 23.29 (незаконнае перасячэнне граніцы).
За спробу парушэння дзяржграніцы мянчук будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, а затым перададзены супрацоўнікам міліцыі. Яго памагаты знаходзіцца пад вартай.