Баннеры на главную бел

100-гадоў з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза Сямёна Пустэльнікава

10.02.2021

10 лютага спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза, пагранічніка Сямёна Пустэльнікава. Напярэдадні гэтай даты ўдзельнікі пошукавай групы праекта «Мужнасцю сваёй у неўміручасць зрабіўшым крок», пабывалі на радзіме героя – пагранічніка ў Аршанскім раёне. Курсанты 3-га курса Інстытута пагранічнай службы Мікіта Ігаравіч і Кірыл Лебедзеў прайшлі па месцах, дзе жыў і вучыўся Сямён Пустэльнікаў, наведалі сярэднюю школу №5 г.Оршы. Больш за 40 гадоў на базе гэтай навучальнай установы дзейнічае музей, названы яго імем. У экспазіцыі прадстаўлены дакументы, фатаграфіі пагранічніка, лісты. 27 студзеня тут стартавалі мерапрыемствы, прысвечаныя памятнай даце. Сёлета навучэнцы і педагогі правялі ў музейным пакоі лекцыю-разважанне "Жыццё па ўласным выбары". Удзельнікі тэматычнай сустрэчы ўшанавалі памяць героя-пагранічніка. Паміж курсантамі і вучнямі школы адбылася жывая размова аб подзвігу і патрыятызме.

100-гадоў з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза Сямёна Пустэльнікава

Свой выбар ураджэнец Аршанскага раёна яфрэйтар Сямён Пустэльнікаў зрабіў 5 лютага 1945 г. у гэты дзень на ўчастку 9-й заставы 2-га пагранатрада пагранічных войскаў НКУС у Радэхаўскім раёне Львоўскай вобласці адбыўся бой з бандай УПА. Падчас баявых сутыкненняў паранены пагранічнік знішчыў трох бандытаў, а калі скончыліся патроны, падарваў сябе гранатай, выбухам якой было забіта яшчэ два бандыты. Ахвяраваўшы жыццём, Пустэльнікаў забяспечыў падыход пагранічнікаў заставы да месца бою і ліквідацыю банды. Герой быў пахаваны ў вёсцы Паторыца Сакальскага раёна Львоўскай вобласці Украіны. Гэты гераічны подзвіг залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны.

Яфрэйтар Сямён Селіверставіч Пустэльнікаў залічаны ў спісы ганаровых пагранічнікаў вайсковай часці 2044 Загадам Старшыні Дзяржаўнага камітэта пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь № 226 ад 24.05.2004 г.

У Беларусі імем героя названая пагранічная застава "Лынтупы" Смаргонскай пагранічнай групы, якая дыслакуецца ў аднайменным гарадскім пасёлку Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. У гонар стагоддзя з дня нараджэння Сямёна Пустэльнікава тут прайшоў урачысты мітынг, у якім прынялі ўдзел вайскоўцы заставы, намеснікі камандзіраў падраздзяленняў па ідэалагічнай працы, вучні ваенна-патрыятычнага класа СШ №4 г. Паставы і Лынтупскай сярэдняй школы.


Пасля правядзення мітынгу для аддання пашаны Герою Савецкага Саюза Сямёну Пустэльнікаву была аб'яўлена хвіліна маўчання. Удзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да яго помніка, усталяванага на тэрыторыі пагранічнай заставы ў 2007 годзе.