Баннеры на главную бел

Дзень ведаў з пагранічнікамі: дайджэст віншаванняў па ўсёй краіне

01.09.2020


Сёння вартавыя граніцы віншуюць выхаванцаў навучальных устаноў па ўсёй краіне з Днём ведаў. Першы тэматычны ўрок «Я вырас тут, і край мне дарагі», прысвечаны Году малой радзімы, пройдзе з непасрэдным удзелам супрацоўнікаў пагранічнага ведамства ў рамках Тыдня беларускага пісьменства ў 250 установах агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку і пагранічных рэгіёнаў Беларусі.

Старшыня Дзяржпагранкамітэта генерал-маёр Анатоль Лапо з пачаткам навучальнага года павіншаваў вучняў і педагагічны калектыў Вiшоўскай сярэдняй школы Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці. На ўрачыстай лінейцы кіраўнік пагранічнага ведамства адзначыў: «Дзецям выпала вялікае шчасце жыць і расці ў нашай цудоўнай Беларусі. У краіне, дзе асновай з'яўляецца рост дабрабыту народа. У краіне, дзе ёсць мір і стабільнасць. Шануйце гэта і будзьце годнымі прадаўжальнікамі спраў сваіх бацькоў, бабуль і дзядуляў. Усіх тых, хто сваёй працай стварыў для вас выдатныя магчымасці жыць і вучыцца пад мірным небам Рэспублікі Беларусь». Анатоль Лапо ўручыў дырэктару школы грашовы сертыфікат на развіццё вучэбнай матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Выхаванцаў Дзяржынскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра напярэдадні вітаў намеснік старшыні Дзяржпагранкамітэта генерал-маёр Ігар Печань. Ад імя ўсіх пагранічнікаў ён выказаў словы шчырай удзячнасці ў адрас настаўнікаў – за тое, што ў працы са сваімі выхаванцамі яны ўкладаюць у іх часцінку сваёй душы і аддаюць ім часцінку свайго сэрца. Падапечныя цэнтра будуць спасцігаць веды ў прасторных навучальных і жылых аўдыторыях, некаторыя з якіх былі адрамантаваны з дапамогай пагранічнікаў. Ігар Печань уручыў навучэнцам заплечнікі з канцылярскімі прыладамі, спартыўны інвентар, салодкія падарункі. Для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы кіраўніку цэнтра перададзена фінансавая дапамога ад Дзяржпагранкамітэта.

Добрыя пажаданні ад пагранічнікаў прагучалі на святочнай лінейцы сталічнай сярэдняй школы №206. У новым статусе 1 верасня 2020 тут сустрэлі 15 вучняў дзясятых класаў. Усе яны прайшлі адбор у адзіны ў Мінску ваенна-патрыятычны клас пагранічнай накіраванасці. Ужо з першых дзён тут будуць навучаць па спецыяльна распрацаванай для іх праграме. Акцэнт у навучальным працэсе будзе зроблены на прадметах, якія неабходна здаваць пры паступленнi ў Інстытут пагранічнай службы – матэматыку, англійскую мову, гісторыю Беларусі.

Напярэдадні ж гэтага святочнага дня беларускія пагранічнікі прымалі ўдзел у дабрачыннай акцыі «Збяром дзяцей у школу». У розных канцах краіны супрацоўнікі пагранічнай службы з падарункамі наведвалі выхаванцаў падшэфных школ-інтэрнатаў, навучэнцаў ваенна-патрыятычных класаў, «Юных сяброў пагранічнікаў». Падобная ініцыятыва ўсіх вайсковых часцей органаў пагранслужбы ўжо традыцыйная не толькі да 1 верасня, але і на іншыя значныя святы. Хлопцы сустракаюцца з вартавымі граніцыпадчас урокаў патрыятычнага выхавання, на ўрачыстых мерапрыемствах, канцэртах, па запрашэнні непасрэдна на месцах службы – на заставах, камендатурах, у вайсковых часцей.

Таксама адрасная сацыяльная дапамога аказана рашэннем як афіцэрскіх сходаў, так і сходаў прапаршчыкаў шматдзетным сем'ям па ўсёй краіне. Гэтая стала магчымым дзякуючы супрацоўніцтву з валанцёрамі «Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі» у рамках сумеснай акцыі «У школу з добрым сэрцам».

Выхаванцы кадэцкіх вучэльняў і ваенна-патрыятычных класаў традыцыйна складаюць вялікую частку тых, хто паступае ў Інстытут пагранічнай службы. Маючы пэўныя навыкі, пасля яны хутчэй адаптуюцца да новых умоў і паспяхова асвойваюць навучальныя прадметы. 1 верасня ў профільнай вышэйшай навучальнай установе адбыўся ўрачысты мітынг. Слухачы, курсанты і прафесарска-выкладчыцкі склад прымалі віншаванні з пачаткам навучальнага года. Своеасаблівым падарункам у гэты дзень з дапамогай кампаніі «Рэгула» стала адкрыццё новых класаў, абсталяваных самымі сучаснымі тэхнічнымі сродкамі пагранічнага кантролю. Тут часткова адноўлена інфраструктура кабін афармлення, аналагічных якія знаходзяцца ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск». Курсанты маюць магчымасць мадэляваць розныя сітуацыі ў пунктах пропуску і ажыццяўляць спецыяльную праверку дакументаў.