Баннеры на главную бел

Быў экіпіраваны амаль як «марскі коцік»: пагранічнікі затрымалі падрыхтаванага парушальніка

24.04.2020

Увечары 22 красавіка полацкімі пагранічнікамі ў Браслаўскім раёне за парушэнне дзяржаўнай граніцы з Літвы затрыманы жыхар Вільні 1981 г.н.

Быў экіпіраваны амаль як «марскі коцік»: пагранічнікі затрымалі падрыхтаванага парушальніка

Мужчыну знайшлі на беразе пагранічнага возера Дрысвяты. Ён распавёў, што перасёк граніцу на ровары з электраматорам, каб у Браславе закупіцца таварамі падакцызнай групы, аднак у рэчаіснасці абставіны парушэння былі іншымі.

Пагранічнікі ўсталявалі, што літовец незаконна перасёк граніцу не на двухколавым транспарце, а на лодцы. Ён меў намер купіць і перамясціць тавары падакцызнай групы ў Літву. Пры сабе ў затрыманага было 100 еўра і 800 беларускіх рублёў.

Парушэнне было старанна спланавана. На беразе возера пагранічны нарад выявіў замаскіраваную гумовую лодку з маторам, акумулятарам, вёсламі, палаткай, надзіманым матрацам, біноклем, выратавальнай камізэлькай, двума помпамі, адзеннем, каляскай і нават вадалазным касцюмам.

У дачыненні да парушальніка пачаты адміністрацыйны працэс. Пагранічнікамі ён будзе прыцягнуты да адказнасці за незаконнае перасячэнне граніцы, парушэнне пагранрэжыма і правілаў знаходжання, а супрацоўнікамі мытні – за незаконнае перамяшчэнне тавараў праз граніцу.

У сукупнасці яму пагражае штраф да 250 базавых велічынь (6750 беларускіх рублёў). Пасля правядзення разбору парушальнік будзе дэпартаваны з забаронай уезду ў нашу краіну тэрмінам на пяць гадоў.

З пачатку года на ўчастку адказнасці Полацкага пагранічнага атрада затрыманы 38 парушальнікаў заканадаўства аб дзяржаўнай граніцы.