Пільнасць жыхара прыграніччаразбурыла планы парушальніка
Мужчына 1987 года нараджэння быў затрыманы недалёка ад стыку граніц Беларусі, Польшчы і Літвы. Свой намер трапіць у краіны ЕС іншаземец не хаваў. Ён распавёў, што жыў у Санкт-Пецярбургу і апошнія некалькі месяцаў зарабляў на жыццё сваім талентам малявання. У сакавіку «жывапісец» прыняў рашэнне адправіцца ў Варшаву, а далей у Парыж, дзе яго творы змогуць ацаніць па вартасці.

Па словах «мастака» ён не меў неабходнай сумы грошай, каб перасекчы граніцу законна. Менавіта таму вырашыў нелегальна трапіць у краіны заходняй Еўропы транзітам праз Беларусь.
12 красавіка ен аўтастопам прыехаў у Гродна, ноч правёў, гуляючы па горадзе, а раніцай адправіўся да дзяржаўнай граніцы. Да н.п. Сапоцкін мужчына дабраўся пешшу. Вырашыўшы трохі падсілкавацца набыў у мясцовай краме прадукты і там жа пацікавіўся адлегласцю да Польшчы. У адказ мясцовы жыхар нагадаў «падарожніку», што для перасячэння граніцы неабходна віза, а пунктаў пропуску паблізу няма. «Жывапісец», у сваю чаргу, не хаваў ад суразмоўцы намераў трапіць у Польшчу, абыходзячы пункты пропуску.
Пільны жыхар прыгранічча паведаміў аб выпадковым знаёмстве на заставу. Далей дзейнічалі пагранічнікі. Парушальнік быў затрыманы.
Грамадзянін Расіі дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання Гродзенскай пагранічнай групы. Распачаты адміністрацыйны працэс за парушэнне пагранічнага рэжыму і незаконнае перасячэнне граніцы. Замежніка чакае дэпартацыя з забаронай уезду ў Беларусь на тэрмін да 5 гадоў.