Баннеры на главную бел

Кіналагічнаму цэнтру органаў пагранічнай службы 25 гадоў

24.01.2020
Кіналагічнаму цэнтру органаў пагранічнай службы 25 гадоў

24 студзеня ў Смаргонскай пагранічнай групе адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 25-ай гадавіне з Дня ўтварэння кіналагічнага цэнтра органаў пагранічнай службы.

У мерапрыемствах прыняло ўдзел кіраўніцтва Дзяржпагранкамітэта, смаргонскія пагранічнікі, ветэраны і ганаровыя госці. На тэрыторыі кіналагічнага цэнтра былі арганізаваны аглядныя экскурсіі па аб'ектах інфраструктуры, паказальныя выступленні спецыялістаў-кінолагаў са службовымі сабакамі. Працавалі спецыялізаваныя інтэрактыўныя пляцоўкі з экспазіцыямі вырабаў мастацка-прыкладнога мастацтва і фатаграфій «Гісторыя станаўлення кіналагічнага цэнтра», выставамі дзіцячага малюнка і літаратуры.

Ва ўрачыстай абстаноўцы быў адкрыты памятны знак, прысвечаны 25-ай гадавіне з Дня ўтварэння кіналагічнага цэнтра органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Старшыня Дзяржпагранкамітэта генерал-маёр Анатоль Лапо павіншаваў асабісты склад падраздзялення з гэтай знамянальнай датай. У сваім выступе ён адзначыў высокі прафесіяналізм супрацоўнікаў цэнтра і дасягненні ў аператыўна-службовай дзейнасці. Сёння кіналагічны цэнтр – гонар органаў пагранічнай службы. Ён уносіць важкі ўклад у забеспячэнне пагранічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

За 25 гадоў са школы па падрыхтоўцы інструктараў службовых сабак Кіналагічны цэнтр ператварыўся ў адно з буйнейшых навучальных падраздзяленняў краін СНД і Усходняй Еўропы па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнню кваліфікацыі спецыялістаў-кінолагаў і службовых сабак па розным відам служб. За час свайго існавання тут падрыхтавана звыш 6 тысяч кінолагаў для органаў пагранічнай службы і каля 3 тысяч службовых сабак.

Цэнтр мае свой гадавальнік, у якім займаюцца племянной працай па ўзнаўленні і гадоўлі службовых парод сабак: нямецкая і бельгійская аўчаркі, лабрадор.

За час існавання гадавальніка 10 службовых сабак ўдастоіліся звання «Гранд чэмпіён Рэспублікі Беларусь», 30 сталі «Чэмпіёнамі Рэспублікі Беларусь».

Пагранічныя службы Азербайджана, Арменіі, Расіі, Узбекістана, а таксама Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь ажыццяўляюць тут падрыхтоўку спецыялістаў-кінолагаў, вядуць закупку службовых сабак.

Кіналагічны цэнтр ўзаемадзейнічае з кіналагічнымі аб'яднаннямі, клубамі, удзельнічае ў міжнародных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, семінарах па вышуковай, спецыяльнай і ахоўна-вартавой службе, канферэнцыях па пытаннях кіналогіі, выставах сабак, праводзіць выязныя паказальныя выступленні, аказвае паслугі па дрэсіроўцы сабак.

У ходзе ўрачыстага мерапрыемства адбылося ўзнагароджанне асабістага складу кіналагічнага цэнтра. За разумную ініцыятыву, стараннасць і адзнаку па службе, высокія паказчыкі ў аператыўна-службовай дзейнасці і ў сувязі са святкаваннем 25-й гадавіны з дня стварэння кіналагічнага цэнтра органаў пагранічнай службы шэраг ваеннаслужачых узнагароджаны Граматамі Дзяржпагранкамітэта Рэспублікі Беларусь, нагруднымі знакамі «За адзнаку», «Выдатнік пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь» I і II-й ступеняў. Лепшым супрацоўнікам была аб'яўлена падзяка ад Старшыні Дзяржпагранкамітэта.

Святочную атмасферу падтрымала канцэртная праграма ансамбля органаў пагранічнай службы.