Баннеры на главную бел

Год за кілаграм: расіянін асуджаны на 14 гадоў за спробу правозу наркотыкаў праз граніцу

14.01.2020

Уступіў у законную сілу прысуд суда Гродзенскага раёна ў дачыненні да грамадзяніна Расійскай Федэрацыі, які ў траўні мінулага года спрабаваў увезці ў Беларусь 13 кілаграм гашышу.

Год за кілаграм: расіянін асуджаны на 14 гадоў за спробу правозу наркотыкаў праз граніцу

У ноч з 27 на 28 траўня ў пункце пропуску «Брузгі» гродзенскія пагранічнікі затрымалі расіяніна, які рухаўся з Польшчы на LEXUS. 32-гадовы іншаземец сваімі паводзінамі выклікаў падазрэнне ў пагранічнага нарада, і яго аўтамабіль быў накіраваны на паглыблены дагляд. У парогах і бамперы аўтамабіля былі выяўлены скруткі з рэчывам цёмна-карычневага колеру. Экспертыза паказала, што гэта небяспечны наркотык – гашыш, масай каля 13 кілаграм.

Затрыманы прызнаны вінаватым па ч. 3 арт. 328 і ч. 2 арт. 328-1 КК Рэспублікі Беларусь. Яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 14 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя таго, аўтамабіль, 7 тысяч еўра і 95 тысяч расійскіх рублёў, якія іншаземец меў пры сабе ў момант здзяйснення злачынства, былі канфіскаваны.

Усяго у 2019 годзе гродзенскімі пагранічнікамі канфіскавана больш за 14 кілаграм наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.