«Рыбак» з картай Польшчы затрыманы каля Брэсцкай крэпасці
14 снежня на ўскраіне Брэста грамадзянін Украіны паспрабаваў парушыць беларуска-польскую граніцу.
35-гадовы жыхар Валынскай вобласці пералез праз сігналізацыйны комплекс і выйшаў да берага Буга ў раёне Брэсцкай крэпасці. Не наважыўшыся ўвайсці ў раку, мужчына вырашыў вярнуцца і паўтарыць спробу пазней, аднак быў затрыманы брэсцкімі пагранічнікамі.
Парушальнік паспрабаваў пераканаць вайскоўцаў, што мэтай яго прагулкі была рыбалка. Тым не менш, запіс з камеры відэаназірання і выяўленая ў мужчыны карта прылеглых да граніцы раёнаў Польшчы сведчаць аб яго сапраўдным намеры.
У цяперашні час замежнік знаходзіцца ў ІЧУ Брэсцкай пагрангрупы. У дачыненні да яго распачаты адміністрацыйны працэс за спробу незаконнага перасячэння дзяржаўнай граніцы і парушэнне пагранічнага рэжыму. Затрыманага чакае дэпартацыя з забаронай уезду ў Беларусь да 5 гадоў.