Падарожжа за лепшым жыццём у ЕС з падробленым пашпартам скончылася ў ізалятары
8 снежня ў сталічным аэрапорце на рэйсе «Стамбул-Мінск» у 40-гадовага грамадзяніна Турцыі пагранічнікі выявілі фальшывы пашпарт. У ім стаяла адзнака аб дазволе на часовае знаходжанне ў Германіі.

Па выніках спецыяльнай праверкі ўстаноўлена, што ў дакуменце заменена старонка з дадзенымі аб уладальніку. У далейшым знайшоўся і сапраўдны пашпарт, які «турыст» схаваў ад пагранічнікаў.
Мужчына распавёў, што накіроўваўся ў Германію да сваякоў. Там ён спадзяваўся адшукаць лепшае жыццё, аднак з-за несапраўднага дакумента яго паездка скончылася ў ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама.
У дачыненні да затрыманага распачаты адміністрацыйны працэс за спробу незаконнага перасячэння дзяржаўнай граніцы.