Навіны

У Мінску абмеркавалі асаблівасці развіцця становішча на дзяржаўнай граніцы з краінамі ЕС

12.11.2019

12 лістапада адбылася сустрэча Старшыні Дзяржпагранкамітэта генерал-маёра Анатоля Лапо і кіраўніка прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Дзірка Шубеля па пытаннях, звязаных з сітуацыяй на дзяржаўнай граніцы ў студзені-кастрычніку бягучага года.

У Мінску абмеркавалі асаблівасці развіцця становішча на дзяржаўнай граніцы з краінамі ЕС

Зыходзячы з аналізу абстаноўкі на сумесных з ЕС участках граніцы, спецыялісты адзначаюць стабільнасць яе развіцця. Разам з тым, як і прагназавалася, на сітуацыю аказвала ўплыў дзейнасць асоб і злачынных груп, якія маюць дачыненне да незаконнай транзітнай міграцыі, кантрабанды наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Таксама на сустрэчы было адзначана зніжэнне актыўнасці незаконнай транзітнай міграцыі. За 10 месяцаў гэтага года беларускія пагранічнікі затрымалі 262 парушальніка, а за аналагічны перыяд папярэдняга – іх колькасць перавысіла 500 чалавек.

Асаблівую ўвагу ўдзельнікі сустрэчы надалі праблеме кантрабанды наркотыкаў праз сумесную граніцу. Усяго за падсправаздачны перыяд беларускімі пагранічнікамі выяўлена больш паўтоны наркотыкаў, сярод якіх у асноўным былі гашыш, марыхуана, какаін і экстазі.

Анатоль Лапо адзначыў, што органы пагранічнай службы Беларусі ўносяць важкі ўклад ва ўмацаванне рэгіянальнай пагранічнай бяспекі. Акрамя таго, ён падкрэсліў, што наша краіна абараняе інтарэсы Еўрапейскага саюза ад пагроз трансгранічнага крымінальнага і тэрарыстычнага характару, якія фармуюцца на Усходзе, а таксама адначасова інтарэсы Расіі ад тых жа дзеянняў, якія праяўляюцца на Захадзе.

Дзірк Шубель даў высокую ацэнку сумеснай працы з пагранічным ведамствам: «нашы адносіны маюць вельмі добрую базу, і мы гатовыя працягваць супрацоўніцтва». Таксама ён адзначыў, што бяспека, якую забяспечваюць пагранічнікі, важная не толькі для Беларусі, але і для краін Еўрапейскага саюза.

У завяршэнні сустрэчы бакі абмеркавалі планы ў сферы ўмацавання рэгіянальнай памежнай бяспекі.