Баннеры на главную бел

Абноўленая пагранiчная застава «Пясчатка» прыступіла да сваіх абавязкаў

04.11.2019


4 лістапада ў Камянецкім раёне адбылося ўрачыстае адкрыццё абноўленай пасля рэканструкцыі пагранiчнай заставы «Пясчатка» на ўчастку Брэсцкай пагранiчнай групы. Гэтая імянная застава на беларускай гранiцы носіць імя Героя Савецкага Саюза палкоўніка Івана Пятровіча Барсукова.

У ходзе маштабных работ, праведзеных на працягу года, былі рэканструяваны памяшканнi заставы з заменай вокнаў і даху, капітальны рамонт дамоў афіцэрскага саставу, сховішчаў аўтамабільнай тэхнікі, заменена асфальтавага пакрыцця. Змянілася і тэрыторыя ваеннага гарадка, якая была цалкам добраўпарадкавана.

Ва ўрачыстым адкрыцці абноўленай пагранiчнай заставы прынялі ўдзел Старшыня Дзяржпагранкамітэта генерал-маёр Анатоль Лапо, старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ліс, начальнік Брэсцкай пагранiчнай групы палкоўнік Ігар Гутнік, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, ветэраны і прадстаўнікі мясцовых органаў улады. Усе прысутныя азнаёміліся з аб'ектамі пагранiчнай заставы, тэхнікай, паглядзелі паказальнае выступленне кінолагаў Брэсцкай пагранiчнай групы, сустрэліся з вайскоўцамі пагранiчнай заставы. Анатоль Лапо ў сваім выступе адзначыў, што ў гэтым годзе сумесна з Федэрацыяй прафсаюзаў была праведзена мадэрнізацыя заставы "Пясчатка", у наступным - будзе рэканструявана суседняя. Раз у 8 гадоў беларускія заставы мадэрнізуюцца. Міхаіл Орда падкрэсліў, што Федэрацыя прафсаюзаў актыўна ўдзельнічае ў праектах, значных для краіны. І сёння неабходна зрабіць усё, каб бяспека Беларусі была на высокім узроўні.

Пагранiчная застава ахоўвае сухапутны ўчастак дзяржаўнай гранiцы з Польшчай, працягласцю больш за 13 км. На сённяшні дзень участак падраздзялення абсталяваны камерамі відэаназірання, комплексам інжынерных збудаванняў і загарод, валаконна-аптычнай сістэмай аховы «Крумкач».

Асаблівасць заставы ў тым, што менавіта на гэтым участку шмат населеных пунктаў. Іх 10 (Пясчатка, Пагранiчнае, Хлевішча, Сухадол, Ваўковічы, Тумiн, Лумна, Абяроўшчына, Лясок, Каралін), у якіх пражывае каля 2 тысяч жыхароў. Таму ахоўваць гранiцу дапамагае мясцовае насельніцтва. У школах створаны і працуюць атрады "юных сяброў пагранічнікаў". На ўчастку адказнасці сфарміравана добраахвотная дружына агульнай колькасцю 7 чалавек. Усяго за бягучы год затрымана 9 парушальнікаў заканадаўства аб дзяржаўнай гранiцы, ліквідавана пасадка дзікарослай травы, якая выкарыстоўваецца для вырабу наркатычнага сродку, масай амаль 190 кілаграм.

Застава неаднаразова прызнавалася лепшай па выніках аператыўна-службовай дзейнасці і не раз даказвала, што па праву горда носіць імя легендарнага пагранiчніка.