Навіны

З рознымі матывамі спрабавалі парушыць беларускую гранiцу грамадзяне Афганістана і Украіны

04.11.2019


Раніцай 2 лістапада брэсцкія пагранiчнікі па аператыўнай інфармацыі затрымалі ў непасрэднай блізкасці ад сігналізацыйнага комплексу двух мужчын, якія накіроўваліся ў бок гранiцы з Польшчай. Імі апынуліся грамадзяне Афганістана 1983 і 1993 гг.н. У замежнікаў выявілі заплечнікі з цёплай вопраткай, грашовыя сродкі ў доларах ЗША і беларускіх рублях. Выхадцы з Цэнтральнай Азіі растлумачылі, што ў сувязі са складанай абстаноўкай на радзіме былі вымушаны пайсці на парушэнне закона з мэтай пошуку лепшых умоў жыцця ў краінах ЕС.

У дачыненні да затрыманых распачаты адміністрацыйны працэс за незаконнае перасячэнне дзяржаўнай гранiцы і парушэнне правілаў знаходжання.

Увечары таго ж дня па інфармацыі мясцовага жыхара трывожнай групай пагранiчнай заставы «Макраны» затрыманы грамадзянін Украіны 1958 г.н. Жыхар прыгранічнага сяла Картэлісы Валынскай вобласці паведамiў, што раней ужо спрабаваў афіцыйна перасекчы гранiцу ў пункце пропуску, але не быў прапушчаны па прычыне перавышэння дазволеных нормаў правозу таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў. Па гэтай прычыне мужчына вырашыў трапіць дадому ў абыход пагранiчнага пераходу.

Грамадзянін Украіны прыцягнуты да адказнасці за незаконнае перасячэнне дзяржаўнай гранiцы, парушэнне пагранічнага рэжыму і дэпартаваны з забаронай уезду ў Беларусь тэрмінам на пяць гадоў.