Баннеры на главную бел

Пагранічнікі вызначылі прыярытэтныя напрамкі дзейнасці афіцэрскіх сходаў

08.08.2019
Пагранічнікі вызначылі прыярытэтныя напрамкі дзейнасці афіцэрскіх сходаў

8 жніўня ў Мінску адбылося пасяджэнне Каардынацыйнага Савета афіцэрскіх сходаў органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, на якім былі прааналізаваны вынікі і разгледжаны актуальныя пытанні дзейнасці сходаў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнік пагранічнага ведамства генерал-маёр Анатоль Лапо, а таксама старшыні афіцэрскіх сходаў тэрытарыяльных падраздзяленняў і іх Саветаў.

Гаворачы аб выніках працы органаў пагранічнай службы, кіраўнік ведамства адзначыў: "У цэлым абстаноўка ў пагранічным прасторы Беларусі застаецца стабільнай і кантралюемай, аднак разам з пастаянным удасканаленнем спосабаў і метадаў трансгранічнай злачыннай дзейнасці змяняюцца ўнутраныя і вонкавыя ўмовы працы пагранічнікаў. Гэта азначае, што мы павінны быць заўсёды на крок наперадзе».

Так, за першае паўгоддзе пагранічнікамі былі прыцягнуты да адказнасці 144 парушальніка граніцы, 721 парушальнік пагранічнага рэжыму і 718 – рэжыму граніцы. Выяўлена каля 600 кг наркатычных сродкаў, 99 адзінак зброі і звыш 1800 боепрыпасаў. Сумесна са ўзаемадзеючымі органамі былі затрыманы матэрыяльныя каштоўнасці на суму 1,2 млн. рублёў.

«За гэтымі лічбамі стаіць велізарная праца, ініцыятыва, адказнасць і пастаянная гатоўнасць да дзеяння нашых супрацоўнікаў», – падкрэсліў Старшыня Дзяржпагранкамітэта.

Акрамя дасягнутых вынікаў аператыўна-службовай дзейнасці Анатоль Лапо адзначыў высокі прафесіяналізм супрацоўнікаў ведамства падчас правядзення II Еўрапейскіх гульняў, якія сталі для пагранічнікаў сур'ёзным іспытам. Таксама ён падкрэсліў, што на істотнай аснове ўжо зробленай працы яшчэ шмат чаго трэба выканаць. Асноўныя намаганні будуць накіраваны на павышэнне эфектыўнасці пагранічнага ведамства – з аднаго боку на аптымізацыю аргштатнай структуры, а з другога – на павелічэнне шчыльнасці падраздзяленняў на граніцы. Асаблівая ўвага будзе нададзена вайсковай дысцыпліне, прафесіяналізму, узорнаму асабістаму прыкладу ва ўсіх сферах жыццядзейнасці.

Асобна Старшыня Дзяржпагранкамітэта спыніўся на тэме падтрымкі і навучання маладых афіцэраў: «Моладзі трэба аказваць дапамогу справай і радай у працэсе іх афіцэрскага станаўлення. І гэтым павінны займацца іх вопытныя калегі, бо не ўсе грані нашай службы можна ўкласці ў інструкцыі і пастановы – важны той унутраны стрыжань, які называецца афіцэрскім гонарам».