Баннеры на главную бел

Давялося страляць: пагранiчнікі затрымалі парушальнікаў з Турцыі, Іраку, Алжыра і Казахстана

12.07.2019

На літоўскім і польскім кірунках супрацоўнікі Смаргонскай і Брэсцкай пагранiчных груп затрымалі семярых замежнікаў, якія парушылі заканадаўства аб дзяржаўнай гранiцы.

Давялося страляць: пагранiчнікі затрымалі парушальнікаў з Турцыі, Іраку, Алжыра і Казахстана Фота носіць ілюстрацыйны характар

Раніцай 11 ліпеня ў Пастаўскім раёне на чыгуначнай станцыі Ярэва па аператыўнай інфармацыі былі выяўлены два парушальніка пагранічнага рэжыму з Турцыі. Мужчыны ехалi на цягніку «Віцебск-Лынтупы» без дакументаў, неабходных для знаходжання ў пагранзоне.

Замежнікі сцвярджалі, што мэта іх паездкі – турызм. Характэрна, што 8 ліпеня яны ўжо прыцягваліся да адказнасці за аналагічнае правапарушэнне.

Праз некалькі гадзін на ўчастку заставы «Знаменка» Брэсцкай пагранiчнай групы спрацаваў сігналізацыйны комплекс. Вайскоўцы, якія прыбылі да месца спрацоўкi, выявілі тры дарожкі слядоў у бок Польшчы.

У выніку пошукавых мерапрыемстваў былі затрыманы тры грамадзяніна Ірака. Багаж «падарожнікаў» уключаў у сябе мабільныя тэлефоны, зменную вопратку і грошы ў розных валютах.

Вечарам, ужо ў Брэсце, паводле аператыўнай інфармацыі за парушэнне правілаў знаходжання быў затрыманы грамадзянін Алжыра. У яго дакуменце не аказалася беларускай візы. Мужчына таксама не змог даць выразных адказаў адносна мэты свайго знаходжання ў прыгранiчным горадзе.

А ноччу ў Брэсцкім раёне было папярэджана парушэнне гранiцы.

Невядомы, як высветлілася пазней – грамадзянін Казахстана, перабраўся праз сігналізацыйны комплекс і накіраваўся ў бок гранiцы. Пагранічны нарад, які прыбыў па спрацоўцы, выявіў мужчыну і патрабаваў спыніцца. Замест таго, каб падпарадкавацца, ён паспрабаваў уцячы. У выніку пагранiчнікам прыйшлося зрабіць папераджальны стрэл у паветра, пасля чаго парушальнік адмовіўся ад сваіх незаконных намераў.

Нягледзячы на тое, што правапарушальнікі не раскрывалі сваіх сапраўдных планаў, так ці інакш, іх мэта відавочная – незаконнае перасячэнне гранiцы і пошук лепшага жыцця ў краінах Еўрасаюза.

У дачыненні да грамадзян Турцыі распачаты адміністрацыйны працэс за парушэнне пагранiчнага рэжыму. Грамадзянін Алжыра прыцягнуты да адказнасці за парушэнне правілаў знаходжання, а грамадзяне Ірака і Казахстана – яшчэ і за спробу незаконнага перасячэння гранiцы. Акрамя таго, грамадзянін Казахстана будзе прыцягнуты да адказнасці за невыкананне законных патрабаванняў службовай асобы.

Затрыманым пагражаюць буйныя штрафы і дэпартацыя з забаронай уезду ў Беларусь на 5 гадоў.