Баннеры на главную бел

На беларуска-ўкраінскай граніцы чарговыя затрыманні аматараў ягаднага промыслу

02.07.2019
На беларуска-ўкраінскай граніцы чарговыя затрыманні аматараў ягаднага промыслу

За першы ліпеньскі дзень беларускія пагранічнікі тройчы затрымалі зборшчыкаў лясных ягад з Украіны.

Першы выпадак адбыўся раніцай на ўчастку адказнасці Мазырскага пагранатрада. Пагранічны нарад, выкарыстоўваючы інфармацыю ўкраінскіх калег аб масавым зборы дзікаросаў паблізу дзяржаўнай граніцы, у 50-ці метрах ад сумежнай тэррыторыі затрымаў траіх парушальнікаў. Імі апынуліся грамадзяне Украіны, якія наўмысна парушылі закон з мэтай збору ягад.

Другую групу парушальнікаў выявілі пасля поўдня каля н.п. Малінаўка Драгічынскага раёна. Пагранічнікі выявілі сляды чатырох невядомых, якія вялі на беларускую тэрыторыю. Неўзабаве парушальнікі былі затрыманы. Грамадзянкі Украіны – жыхаркі Любешоўскага раёна – незаконна перасеклі граніцу з мэтай збору чарніц.

Ужо ўвечары брэсцкія пагранічнікі выявілі яшчэ адну парушальніцу з ягадамі. Жанчына распавяла, што захапілася працэсам збору чарніц настолькі, што заблудзілася і парушыла рэжым дзяржаўнай граніцы.

У дачыненні да правапарушальнікаў распачаты адміністрацыйны працэс за парушэнне правілаў знаходжання, незаконнае перасячэнне граніцыі і яе рэжыму.

Акрамя штрафаў, ім пагражае дэпартацыя з забаронай уезду на тэрыторыю Беларусі да 5 гадоў.

Пагранічная служба Рэспублікі Беларусь нагадвае, што з мэтай прадухілення парушэнняў граніцы ў сувязі са зборам дзікарослых ягад і грыбоў, для мясцовых жыхароў украінскага прыгранічча арганізаваны сезонны пропуск на тэрыторыю Палескага лясхоза. Ён будзе трываць да 10 жніўня.

Перасекчы граніцу можна ў пешым парадку або на веласіпедах. Афармленне жадаючых наведаць беларускую тэрыторыю ажыццяўляецца ў трох месцах пропуску на напрамках ўкраінскіх вёсак Дроздынь, Бярозавае і Познань штодня з 06:00 да 22:00.

Звяртаем увагу, што начаваць у гэтай мясцовасці забаронена. Неабходна вярнуцца на тэрыторыю Украіны ў дзень перасячэння граніцы.