Баннеры на главную бел

Беларусь памятае. Пагранічнікі ўшанавалі памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і тых, хто загінуў у першых баях на граніцы

22.06.2019


Памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, адкрыла акцыя «Баявы разлік». Ініцыятарам яе правядзення некалькі гадоў таму стаў Інстытут пагранічнай службы. Зараз яна праводзіцца штогод, нагадваючы пра тое, якім коштам нам дасталася Вялікая Перамога.

У першыя хвіліны вайны 22 чэрвеня 1941 года самы страшны ўдар прынялі на сябе пагранічнікі. У бой з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ўступілі пагранічныя нарады, што заступілі на службу яшчэ напярэдадні - 21 чэрвеня. У 19.00 на ўсіх пагранзаставах, якія ахоўваюць граніцы нашай Радзімы, праводзіўся баявы разлік. Воіны-пагранічнікі Беларускай пагранічнай акругі, якія стаялі ў той вечар у страі на баявым разліку не маглі меркаваць, што для абсалютнай большасці з іх ён будзе апошнім.

21 чэрвеня ў мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой” у памяць пра тых, хто загінуў у першых баях на граніцы, адбыўся традыцыйны рытуал прызначэння пагранічнікаў на ахову Дзяржаўнай граніцы. Курсанты Інстытута правялі баявы разлік, трымаючы ў руках партрэты байцоў Беларускай пагранічнай акругі, якія загінулі ў першых баях Вялікай Айчыннай вайны: намесніка палітрука 4-й пагранзаставы 17-га пагранатрада Івана Бяляева, камандзіра аддзялення 15-й пагранзаставы 17-га пагранатрада малодшага сяржанта Аляксея Новікава, начальніка 3-й пагранзаставы 86-га Аўгустоўскага пагранатрада лейтэнанта Віктара Усава і многіх іншых. Імёны 58 загінулых воінаў-пагранічнікаў прагучалі ў гэты дзень на пераклічцы.

Пасля паверкі будучыя афіцэры сталі на калені перад помнікам, ушанаваўшы такім чынам памяць абаронцаў граніцы.

У памятным мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Дзяржпагранкамітэта, ветэраны-пагранічнікі з Беларусі і Расіі, навучэнцы ваенна-патрыятычных класаў, жыхары і госці горада Брэста.


Памятныя мерапрыемствы ў Мінску ў гэты ж дзень адкрыла акцыя «Баявы разлік» ля памятнага знака «Вартавым граніцы ўсіх пакаленняў». Тут таксама прагучалі імёны загінуўшых у першыя дні вайны воінаў Беларускай пагранічнай акругі. У памяць пра іх удзельнікі акцыі ўсклалі кветкі.

У традыцыйнай цырымоніі ўскладання вянкоў да абеліска на плошчы Перамогі ў 4 гадзіны раніцы 22 чэрвеня прынялі ўдзел Старшыня Дзяржпагранкамітэта генерал-маёр Анатоль Лапо, афіцэры часцей Мінскага гарнізона, ветэраны-пагранічнікі, курсанты Інстытута пагранслужбы. На Вахту Памяці ля Вечнага агню заступілі салдаты роты ганаровай варты.

Мітынгі-рэквіемы, прысвечаныя Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і 78-ай гадавіне подзвігу пагранічнікаў у першых баях на Дзяржаўнай граніцы СССР, прайшлі ў гэты дзень на досвітку ва ўсіх пагранічных групах і атрадах.