Навіны

На пагранзаставе ў Лоеве адкрылі помнік Герою Савецкага Саюза лейтэнанту Сушанаву

23.05.2019
На пагранзаставе ў Лоеве адкрылі помнік Герою Савецкага Саюза лейтэнанту Сушанаву
23 траўня - напярэдадні Дня пагранічніка - на заставе «Лоеў» Гомельскай пагранічнай групы адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка-бюста Герою Савецкага Саюза лейтэнанту Сушанаву Мікалаю Цімафеевічу.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік Старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта генерал-маёр Уладзімір Маісеенка, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Шулейка, ветэран Вялікай Айчыннай вайны капітан 2-га рангу ў адстаўцы Навум Каплан, вучні ваенна-патрыятычнага класа сярэдняй школы № 1 г.п. Лоеў, а таксама ганаровыя госці цырымоніі - дачка, унучка і праўнук героя-пагранічніка.

Як адзначыў Уладзімір Маісеенка, прайшоўшы загартоўку службай на пагранiчнай заставе, Мікалай Сушанаў гераічна змагаўся на фронце. Прысваенне падраздзяленню імя гэтага героя-пагранічніка - падзея знакавая не толькі для Гомельскай пагранiчнай групы, але і для ўсяго асабістага саставу органаў пагранiчнай службы.  

Раніцай 15 кастрычніка 1943 года Мікалай Сушанаў з таварышамі па службе пераправіўся праз раку Днепр у раёне пасёлка Лоеў і прыняў актыўны ўдзел у баях за захоп і ўтрыманне плацдарма на яго заходнім беразе, адбіўшы шэраг нямецкіх контратак і знішчыўшы некалькі варожых агнявых кропак. Акрамя таго, у архіўных дакументах адзначаецца, што адразу ж пасля пераправы праз раку Мікалай Сушанаў стварыў знішчальную групу і павёў яе на знішчэнне агнявых кропак праціўніка. Асабіста закідаў гранатамі дзот праціўніка і знішчыў варожы кулямёт з разлікам.

Характэрна, што гэты подзвіг ён здзейсніў у дзень свайго 23-годдзя.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 студзеня 1944 г. за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм старэйшы сяржант Сушанаў быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза.