Баннеры на главную бел

Дакументы старыя - праблемы новыя

10.05.2019
Дакументы старыя - праблемы новыя Фота носіць ілюстрацыйны характар

За мінулыя выхадныя і святочныя дні беларускія пагранічнікі прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне рэжыму дзяржаўнай граніцы 19 чалавек. Усе яны прад'явілі для праверкі несапраўдныя дакументы. З гэтай колькасці 17 грамадзян апынуліся нашымі суайчыннікамі. Таксама з несапраўднымі для перасячэння граніцы дакументамі ехалі грамадзянка Расіі і грамадзянін Малдовы, прычым у жанчыны тэрмін дзеяння пашпарта скончыўся яшчэ 6 гадоў таму.

Сярод асноўных парушэнняў, выяўленых у ходзе пагранічнага кантролю – трухлявы стан дакументаў, заканчэнне тэрміну дзеяння ў сувязі са зменай прозвішча, адсутнасць некаторых старонак і самастойныя спробы іх прыклеіць. Таксама грамадзяне выязджалі за граніцу па пашпартах, якія значацца ў базе дадзеных як згубленыя або выкрадзеныя. Так адбываецца, калі пры згубленні дакумента паступае адпаведная заява ў органы ўнутраных спраў і выдаецца новы. Пашпарт пры гэтым прызнаецца несапраўдным і ў выпадку яго выяўлення падлягае абавязковай здачы ў міліцыю. Для перасячэння граніцы ён ужо лічыцца несапраўдным.

Усе грамадзяне былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў і папярэджанняў. Большасць з іх праз граніцу прапушчаны не былі.