Баннеры на главную бел

Рамонт дарог і праблемы з абсталяваннем: нерытмічная праца сумежных пунктаў пропуску прывяла да чэрг на граніцы

08.04.2019
Рамонт дарог і праблемы з абсталяваннем: нерытмічная праца сумежных пунктаў пропуску прывяла да чэрг на граніцы

Мінулыя выхадныя для грузаперавозчыкаў, якія выязджаюць за граніцу, запомніліся доўгім чаканнем у чарзе. Каля пунктаў пропуску на граніцы з краінамі Еўрасаюза сабралася больш за тысячу грузавікоў.

На польскім напрамку чэргі былі выкліканы ростам грузавога транспарту ў сувязі з пачаткам працоўнага тыдня. На прыбалтыйскім участку – нерытмічным функцыянаваннем пунктаў пропуску суседніх краін.

У мінулыя выхадныя на пагранічным пераходзе «Патэрніекі» (з беларускага боку «Грыгароўшчына») узніклі праблемы з тэхнічнымі сродкамі мытнага кантролю. У пункце пропуску «Лаварышкес» («Катлоўка») праводзіліся работы па рамонце асфальтабетоннага пакрыцця палос руху. У сумежным «Мядзінінкаі» (з беларускага боку «Каменны Лог») да канца не вырашана пытанне з укамплектаванасцю мытных змен.

У выніку за суботу і нядзелю на граніцы з Літвой колькасць грузавікоў перад «Каменным Логам» даходзіла да адзнакі ў 500 адзінак, перад «Катлоўкай» – да 200. На граніцы з Латвіяй перад «Грыгароўшчынай» і «Урбанамі» у чарзе адначасова стаялі больш за 300 фур.

Ва ўсіх беларускіх пунктах пропуску пагранічнікамі былі захаваны ўсталяваныя паказчыкі прапускной здольнасці. Акрамя таго, па магчымасці ў некаторых падраздзяленнях афармленне грузавікоў ажыццяўлялася звыш нормы.

Дзяржпагранкамітэт прымае ўсебаковыя меры аператыўнага рэагавання, у тым ліку па павелічэнні колькасці супрацоўнікаў у пунктах пропуску. Разам з тым, магчымасці паскарэння працэсу вельмі абмежаваны рытмічнасцю працы сумежных пунктаў пропуску і іх інфраструктурай.

Беларускія пункты пропуску працягваюць функцыянаваць у штатным рэжыме.

Падрабязную інфармацыю пра чэргі вы можаце даведацца ў раздзеле «Абстаноўка на граніцы» на інтэрнэт-партале Дзяржпагранкамітэта.