Баннеры на главную бел

Заканчэнне тэрміну дзеяння і размытая пячатка: паездка чацвярых грамадзян праз граніцу апынулася пад пагрозай

27.03.2019
Заканчэнне тэрміну дзеяння і размытая пячатка: паездка чацвярых грамадзян праз граніцу апынулася пад пагрозай Фота носіць ілюстрацыйны характар

26 сакавіка беларускія пагранічнікі затрымалі чацвярых парушальнікаў заканадаўства аб дзяржаўнай граніцы. Імі апынуліся грамадзяне Беларусі, Малдовы і Украіны.

Каля 8 гадзін раніцы ў чыгуначным пункце пропуску «Гудагай» пагранічнікі выявілі жыхарку Мінскай вобласці, якая змяніла прозвішча, а пашпарт не памяняла. У выніку дзяўчына вярталася ў Беларусь з пратэрмінаваным дакументам, парушаючы рэжым дзяржаўнай граніцы.

Праз 2 гадзіны ў пункце пропуску «Брузгі» пагранічнікі затрымалі яшчэ адну правапарушальніцу. Жыхарка Гродна хацела выехаць у Польшчу з няспраўным дакументам, у якім была размытая пячатка падраздзялення па грамадзянстве і міграцыі.

У выніку гэтых паездак дзяўчыны былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, а іх несапраўдныя пашпарты канфіскаваны і накіраваны ў АГіМ па месцы жыхарства.

У другой палове дня ўжо на граніцы з Украінай у пункце пропуску «Славечна» грамадзянін Малдовы спрабаваў выехаць з Беларусі па пратэрмінаваным пашпарце. Праз некалькі гадзін у пункце пропуску «Весялоўка» за аналагічнае правапарушэнне быў затрыманы грамадзянін Украіны.

Замежнікі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне рэжыму дзяржаўнай граніцы і правілаў знаходжання.