Баннеры на главную бел

Парушальнікі з Арменіі, Кубы і Сенегала затрыманы на граніцы з Польшчай

26.03.2019
Парушальнікі з Арменіі, Кубы і Сенегала затрыманы на граніцы з Польшчай

Раніцай 22 сакавіка ў аўтадарожным пункце пропуску «Брэст» падчас афармлення турыстычнага аўтобуса, які накіроўваўся ў Польшчу, пашпарт аднаго з пасажыраў выклікаў у пагранічнікаў падазрэнні. Праведзеная спецправерка паказала, што дакумент падроблены: старонка з інфармацыяй аб уладальніку заменена на фальшывую, а дадзеныя нанесены на яе прынтэрам.

У ходзе разбіральніцтва высветлілася, што затрыманы з'яўляецца 21-гадовым грамадзянінам Арменіі. Малады чалавек прыехаў у краіну з Расіі, дзе з'яўляецца навучэнцам адной з ВНУ, з тыповай мэтай нелегальнага мігранта – пошук лепшых умоў жыцця ў краінах Еўрасаюза. Ён растлумачыў, што выкарыстаў падроблены дакумент, таму што замежны пашпарт Арменіі афармляецца вельмі доўга.

У дачыненні да замежніка распачаты адміністрацыйны працэс за незаконнае перасячэнне граніцы. Акрамя таго вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы за падробку і выкарыстанне дакумента. Максімальнае пакаранне за гэтае злачынства – абмежаванне волі на тэрмін да двух гадоў.

Увечары таго ж дня ў чыгуначным пункце пропуску «Брэст» пагрнічнікі выявілі яшчэ трох парушальнікаў закона. Двое грамадзян Кубы і адзін грамадзянін Сенегала накіроўваліся ў Польшчу цягніком паведамленнем «Масква - Берлін». У кубінцаў адсутнічалі міграцыйныя карты, а ў пашпарце сенегальца не было беларускай візы.

У дачыненні да затрыманых распачаты адміністрацыйны працэс за парушэнне правілаў знаходжання. Ім пагражаюць штрафы і дэпартацыя з забаронай уезду ў Беларусь на тэрмін да 5 гадоў.

Усе чацвёра да завяршэння разбіральніцтваў будуць знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання Брэсцкай пагранічнай групы.