У Мінску ўзнагароджаны лепшыя спецыялісты органаў пагранiчнай службы

28.02.2019
У Мінску ўзнагароджаны лепшыя спецыялісты органаў пагранiчнай службы

28 лютага ў Мінску названы імёны пераможцаў у намінацыі «Лепшы спецыяліст органаў пагранiчнай службы Рэспублікі Беларусь" па выніках 2018 года.

Узнагароды былі ўручаны супрацоўнікам, якія не проста якасна выконваюць абавязкі - яны на справе паказалі свой прафесіяналізм, імкненне да інавацый, ініцыятыву, праяўлялі дзелавую актыўнасць і творчы патэнцыял на працягу ўсяго года.

«Традыцыйная для пагранiчнага ведамства цырымонія ў гэтым годзе з'яўляецца асаблівай. Мінулы год быў для нас юбілейным. Таму сёння быць удастоеным звання «лепшы спецыяліст органаў пагранiчнай службы» - асабліва ганарова. Кожны з тых, хто выйдзе на сцэну - гэта гонар органаў пагранiчнай службы», - адзначыў Старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта генерал-маёр Анатоль Лапо.

Лепшым сярод начальнікаў тэрытарыяльных органаў пагранiчнай службы прызнаны кіраўнік Брэсцкай пагранiчнай групы палкоўнік Ігар Гутнік. Дыплом лепшага начальніка пагранiчнай заставы ў маёра Дзяніса Анкудовіча, які праходзіць службу ў Лідскім пагранатрадзе на заставе «Беняконі». Лепшым начальнікам пагранічнага паста прызнаны прадстаўнік Пінскага пагранатрада лейтэнант Арцём Ракута. Афіцэр кіруе пагранiчным пастом «Мутвiца» пагранкамендатуры «Рэчыца». Падпалкоўнік Генадзь Прахацук, які ўзначальвае аддзяленне пагранічнага кантролю "Брэст-пасажырская станцыя», трэці год запар становіцца лепшым начальнікам падраздзялення пагранкантролю. Сярод спецыялістаў-кінолагаў падраздзяленняў пагранічнага кантролю пераможцам прызнаны старшы прапаршчык Юрый Астапук, а старэйшы сяржант Андрэй Гусар - старшы інспектар аддзялення пагранічнага паста «Матылi» Гродзенскай пагранiчнай групы - стаў лепшым сярод кінолагаў пагранзастаў і пастоў. Усяго Старшыня Дзяржпагранкамітэта ўзнагародзiў 82 вайскоўцаў.

Падчас завяршэння мерапрыемства генерал-маёр Анатоль Лапо падзякаваў пагранiчнiкам за службу і выказаў упэўненасць у тым, што супрацоўнікі органаў пагранiчнай службы і ў далейшым будуць надзейна забяспечваць пагранiчную бяспеку Рэспублікі Беларусь.