«Мінская лыжня - 2019» прынесла пагранічнікам срэбра!
У суботу 9 лютага на лыжаролернай трасе ў Вяснянцы адбылося спартыўнае свята. Яго ўдзельнікі прадэманстравалі шматлікім заўзятарам майстэрства ў бегу на лыжах і ў трапнасці на агнявых рубяжах.
У спаборніцтвах прынялі ўдзел каманды Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, міністэрстваў, ведамстваў і ВНУ. На лыжні можна было сустрэць вышэйшых службовых асобаў дзяржавы, прафесійных спартсменаў і проста аматараў зімовых відаў спорту.
Усяго ў гэты дзень стартавалі 6 груп удзельнікаў. У спаборніцтве сярод каманд цэнтральных апаратаў сілавых міністэрстваў і ведамстваў у біятлоннай эстафетнай гонцы 4 па 3,6 км каманда Дзяржаўнага пагранічнага камітэта заваявала кубак і камплект срэбных медалёў.