Баннеры на главную БЕЛ

У сталіцы ўшаноўвалі пераможцаў конкурсу на лепшую паштовую марку

24.02.2023

У Мінску сёння, 24 лютага, афіцыйна падвялі вынікі конкурсу на найлепшую паштовую марку Беларусі ў 2022 годзе. У анлайн-галасаванні, арганізаваным рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам «Белпошта», прынялі ўдзел каля 32 тысяч чалавек. У выніку лепшым паштовым выпускам прызнаны малы ліст "Службовыя сабакі пагранічнай службы Беларусі". Кожны другі ўдзельнік галасавання аддаў перавагу марцы з выявай аўчарак і лабрадора, якія нясуць службу на граніцы.

У сталіцы ўшаноўвалі пераможцаў конкурсу на лепшую паштовую марку

Супрацоўніцтва пагранічнага ведамства, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, беларускай пошты і выдавецтва "Марка", звязанае з выпускам тэматычных дзяржзнакаў паштовай аплаты, заўсёды было плённым і дзейсным. Аб гэтым заявіў намеснік Старшыні Дзяржпагранкамітэта генерал-маёр Ігар Печань на ўрачыстым ушаноўванні. У выніку агульных намаганняў рэалізаваны 14 паспяховых паштовых праектаў, прысвечаных вядомым пагранічнікам, знакавым гістарычным падзеям, сучаснай службе на граніцы.

На святочным мерапрыемстве адзначылі лепшых дызайнераў і мастакоў, якія бралі ўдзел у распрацоўцы паштовай прадукцыі на пагранічную тэматыку. Таксама госці пазнаёміліся з экспазіцыяй "Паштовага салона". Цікавасць у прысутных выклікалі паказальныя выступленні спецыялістаў кіналагічнага цэнтра Смаргонскай пагранічнай групы, ансамбля Інстытута пагранічнай службы.