Баннеры на главную БЕЛ

Пагранзаставу модульнага тыпу адкрылі на граніцы з Украінай

09.12.2020

9 снежня адбылося ўрачыстае адкрыццё пагранічнай заставы "Дзяражычы". Усе памяшканні знаходзяцца ў 23 кампактных шматфункцыянальных модулях, якія аснашчаны маёмасцю, неабходным для камфортнага пражывання і эфектыўнага выканання службовых задач.

Пагранзаставу модульнага тыпу адкрылі на граніцы з Украінай

У памяшканнях устаноўлена бытавая тэхніка і мэбля. На пагранічнай заставе маецца лазня і душавыя кабінкі. На тэрыторыі заставы абсталяваныя месцы для захоўвання і рамонту тэхнікі, вальеры для службовых сабак, а для правядзення заняткаў з вайскоўцамі створаны гарадок пагранічнай службы і спартыўныя аб'екты.

Немалаважным з'яўляецца і тое, што ўзвядзенне модульнай заставы патрабуе істотна менш сіл, сродкаў і часу, а таксама дазваляе, пры неабходнасці, у кароткія тэрміны перамясціць падраздзяленне на іншы ўчастак граніцы.

Пагранічная застава "Дзяражычы" размешчана ў аднайменным населеным пункце Лоеўскага раёна. З 10 кастрычніка пад яе кантролем знаходзіцца рачны ўчастак беларуска-ўкраінскай дзяржаўнай граніцы працягласцю больш за 20 кіламетраў.

У адкрыцці заставы прынялі ўдзел першы намеснік старшыні Дзяржпагранкамітэта генерал-маёр Ігар Буткевіч, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь-інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Шулейка, вайскоўцы пагрангрупы і іншыя госці.


На гэтым участку граніцы не сустрэнеш звыклых тэхнічных сродкаў аховы ў выглядзе працяглых сігналізацыйных комплексаў. У службе пагранічнікі заставы "Дзяражычы" актыўна выкарыстоўваюць плаўсродкі рознага тыпу, цеплавізары, разам з тым, дзякуючы ўстаноўленаму аўтаматызаванаму пасту тэхнічнага назірання на заставе рэалізаваная магчымасць дыстанцыйнага кантролю за ахоўным участкам граніцы і прылеглай мясцовасцю ў светлы і цёмны час сутак, што дазваляе сачыць за выдаленымі і забалочанымі месцамі. Пост абсталяваны аўтаномнымі крыніцамі харчавання (сонечныя панэлі, ветрагенератары, акумулятары) і інтэграваны ў інтэлектуальную сістэму аховы граніцы цэнтра маніторынгу, які размешчаны на пагранічнай заставе «Хойнікі». Такі падыход да пабудовы "інтэлектуальнай граніцы" дазваляе падраздзяленню дзейнічаць толькі па рэальных парушальніках заканадаўства, эканомячы матэрыяльныя сродкі, людской рэсурс і значна павялічваючы эфектыўнасць аховы граніц.

У перспектыве на беларуска-ўкраінскім участку граніцы плануецца павялічыць колькасць аўтаномных тэхнічных сродкаў аховы, што дазволіць дыстанцыйна кантраляваць звыш 100 кіламетраў, у тым ліку на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.