Незаконная паездка да сваякоў не ўдалася. Гомельскія пагранічнікі затрымалі парушальніка
28 студзеня Гомельскія пагранічнікі затрымалі 50-гадовага грамадзяніна Малдовы. Мужчына спрабаваў незаконна перасекчы граніцу з Украіны ў нашу краіну, каб потым уехаць у Расею.
Грамадзянін растлумачыў, што па прычыне сямейна-бытавых праблем на тэрыторыі Малдовы ён вырашыў з'ехаць да сваякоў у Расійскую Федэрацыю транзытам праз украінскую тэрыторыю. Аднак, у сувязі з часовымі абмежаваннямі ў пропуску праз граніцу, законным спосабам трапіць у Беларусь ён не мог.
Правапарушальнік дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама. У дачыненні да яго распачаты адміністрацыйны працэс паводле арт 23.29 (незаконнае перасячэнне дзяржаўнай граніцы) КаАП Рэспублікі Беларусь.