Больш за 600 пагранічнікаў новага папаўнення прынялі Ваенную прысягу
13 чэрвеня клятву на вернасць беларускаму народу прынеслі больш за 600 навабранцаў, прызваных вясной у органы пагранічнай службы. Урачыстыя цырымоніі ў гэты дзень прайшлі практычна ва ўсіх пагранічных вайсковых частках. На страявым плацу групы сувязі і забеспячэння ў Мінску ў ёй прынялі ўдзел амаль 50 ваеннаслужачых. У гэтым годзе з-за эпідэміялагічнай сітуацыі на мерапрыемстве не прысутнічалі блізкія і сябры маладых хлопцаў.
У сваім выступе Старшыня Дзяржпагранкамітэта генерал-маёр Анатоль Лапо адзначыў, што глыбока сімвалічна, што Ваенная прысяга прымаецца ў год 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. “Беларускі народ памятае і шануе памяць тых, хто змагаўся за свабоду і незалежнасць Айчыны. Маладому пакаленню абаронцаў ёсць з каго браць прыклад і на каго раўняцца. І сёння яны ўжо бяруць на сябе адказнасць за абарону беларускага народа, за бяспеку дзяржавы і непарушнасць яе граніц”, - сказаў кіраўнік пагранічнага ведамства.
Пасля прыняцця прысягі адбыўся традыцыйны мітынг. Завяршылася цырымонія праходжаннем урачыстым маршам. Сённяшнім урачыстасцям папярэднічалі напружаныя тыдня курсу пачатковай ваеннай падрыхтоўкі. Яшчэ на этапе адбору ў ваенных камісарыятах прызыўнікі прайшлі дбайнае медыцынскае абследаванне а таксама псіхалагічнае тэставанне, так як у пагранічнікаў фізічны і маральны стан павінны быць на высокім узроўні. Для службы на граніцы мае значэнне адукацыя, сацыяльная характарыстыка, маральныя якасці і нават сямейнае становішча прызыўніка. У органы пагранслужбы зачынены шлях моладзі, якая мае праблемы з законам.
Пасля прысягі навабранцы працягнуць падрыхтоўку па спецыяльнасці «інспектар пагранічнай службы». У групе сувязі і забеспячэння частка ваеннаслужачых пройдзе дадатковае навучанне для праходжання службы на пасадах сувязнога і аўтамабільнага профілю, каменданцкай роты, роты ганаровай варты.