«Ударыў салдата». Пагранічнікі ўжылі фізічную сілу да парушальніка, які аказваў супраціўленне
Малады чалавек кіраваў транспартным сродкам у населеным пункце ў непасрэднай блізкасці ад дзяржаўнай граніцы, не маючы пры сабе ніякіх дакументаў. Калі яго для праверкі дакументаў спыніў пагранічны нарад, мужчына катэгарычна адмовіўся прайсці на заставу з мэтай ўстанаўлення яго асобы, больш за тое пачаў нецэнзурна выказвацца.

Неаднаразовыя папярэджанні аб недапушчальнасці падобных паводзінаў не падзейнічалі. Грамадзяніну было растлумачана, што ў выпадку адмовы выканаць законныя патрабаванні пагранічнікаў, да яго будзе ўжыта фізічная сіла, а таксама складзены адміністрацыйны пратакол па адпаведным артыкуле КаАП.
Пры затрыманні малады чалавек аказаў супраціўленне, нанёс удар нагой у твар вайскоўцу тэрміновай службы, чым яшчэ больш пагоршыў сваё становішча. У цяперашні час парушальнік змешчаны ў ІЧУ Лідскага пагранатрада, дзе чакае пакарання за свае дзеянні. Праводзіцца праверка па факце парушэння пагранічнага рэжыму, непадпарадкавання законным патрабаванням ваеннаслужачых, а таксама вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы па артыкуле 366 Крымінальнага кодэкса (гвалт у дачыненні да службовай асобы).
Дарэчы, гэты грамадзянін раней неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за аналагічныя парушэнні. У дачыненні да яго таксама ўзбуджана крымінальная справа па факце парушэння граніцы на транспартным сродку ў канцы лістапада мінулага года.