Мазырскія пагранічнікі затрымалі парушальніка, якога расшуквалі па справе аб наркотыках
Жыхара Салігорска, які хаваўся ад крымінальнага пераследу за незаконны абарот наркотыкаў, затрымалі пагранічнікі. Ён спрабаваў парушыць граніцу.
13 сакавіка вайскоўцы пункта пропуску «Славечна» выявілі невядомага, які ўздоўж чыгуначнага палатна накіроўваўся з Украіны ў Беларусь. У заплечніку мужчыны быў нож, прадукты, карта Жытомірскай вобласці і грошы, а ў ходзе праверкі яго біяграфіі высветліліся цікавыя факты.
Аказваецца, у 2017 годзе ураджэнец Салігорска вырашыў схавацца ад крымінальнага пераследу і адправіўся ў Бельгію. У Брусэлі мужчына прабыў нядоўга – супрацоўнікі сталічнага аэрапорта дэпартавалі «вандроўца» без тлумачэння прычын у ўкраінскі Барыспаль. Праз два гады ён вырашыў вярнуцца на радзіму, аднак абраў для гэтага незаконны спосаб, ведаючы, што знаходзіцца ў міжнародным вышуку.
Парушальнік прыцягнуты да адказнасці за незаконнае перасячэнне граніцы і перададзены супрацоўнікам міліцыі па кампетэнцыі.