Толькі дарма патраціўся: у мінскім аэрапорце пагранічнікі затрымалі іранца з фальшывым пашпартам
У сталічным аэрапорце затрыманы 32-гадовы грамадзянін Ірана з падробленым пашпартам. Мужчына ляцеў у Швецыю з Турцыі за лепшым жыццём, аднак спроба зрабіць гэта незаконна была спынена пагранічнікамі.
Днём 6 красавіка пры афармленні пасажыраў авіярэйса Стамбул-Мінск-Стакгольм ваенаслужачыя атрада пагранкантролю звярнулі ўвагу на падазронага мужчыну: ён моцна нерваваўся і спяшаўся. Неўзабаве гэтаму знайшлося тлумачэнне – пры праверцы прад'яўленага дакумента на імя грамадзяніна Швецыі пагранічны нарад выявіў прыкметы падробкі.
Спецыяльная праверка ўстанавіла, што старонка з дадзенымі аб уладальніку пашпарта фальшывая. Затым, пры аглядзе памяшканняў аэрапорта, у якія заходзіў прад'яўнік дакумента, пагранічнікі выявілі разарваны іранскі пашпарт, які належыць незаконнаму мігранту.
У выніку іншаземец прызнаўся ў нелегальных намерах і распавёў, што фальшывы пашпарт купіў у Турцыі.У дачыненні да затрыманага распачаты адміністрацыйны працэс за парушэнне правілаў знаходжання. За выкарыстанне падробленага дакумента яму пагражае да двух гадоў абмежавання волі.