Навіны

Не прайшло і трох дзён: першая група незаконных мігрантаў затрымана на беларускай граніцы

04.01.2020

Гродзенскія пагранічнікі спынілі першую ў новым годзе спробу незаконнага перасячэння граніцы групай нелегальных мігрантаў. На гэты раз навагодняе падарожжа стала няўдалым для 9 грамадзян Кубы, якія былі затрыманыя 3 студзеня ў раёне н.п. Польныя Багатыры Гродзенскага раёна.

Не прайшло і трох дзён: першая група незаконных мігрантаў затрымана на беларускай граніцы

Дзевяць грамадзян «вострава свабоды» яшчэ ў мінулым месяцы сустрэліся ў Маскве і вырашылі адправіцца за шчаслівым жыццём у краіны Еўрасаюза. 30 снежня замежнікі спрабавалі законна перасекчы граніцу ў адным з міжнародных пунктаў пропуску, але з-за адсутнасці віз польскія пагранічнікі іх не прапусцілі.

Жаданне апынуцца ў Чэхіі было такім вялікім, што кубінцы пасля некалькіх дзён разважанняў вырашыліся парушыць дзяржаўную граніцу. Узяўшы 3 студзеня таксі і паказаўшы кіроўцу кірунак, замежнікі адправіліся ў бок Польшчы. Да парушэння закона мужчыны падышлі грунтоўна: набылі цёплыя рэчы, прадукты і ў смартфонах праклалі маршруты, аднак завяршыць задуманае ім не дазволілі гродзенскія пагранічнікі.

Затрыманыя змешчаны ў ІЧУ Гродзенскай пагрангрупы. У дачыненні да іншаземцаў распачаты адміністрацыйны працэс за спробу незаконнага перасячэння граніцы і парушэнне пагранічнага рэжыму. Ім пагражае дэпартацыя з забаронай уезду ў Беларусь да 5 гадоў.