У Гродна падпісаны Заключны пратакол праверкі праходжання беларуска-польскай дзяржаўнай граніцы
18 ліпеня Гродна ў Новым замку адбылося падпісанне Заключнага пратакола праверкі праходжання беларуска-польскай дзяржаўнай граніцы на пагранічных водных участках і сумеснага кантрольнага агляду пагранічных знакаў.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел члены і эксперты Сумеснай беларуска-польскай камісіі, пасол па асобых даручэннях Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь Ігар Мілідовіч і віцэ-консул Рэспублікі Польшча ў Гродна Анджэй Рачкоўскі. Падпісалі Заключны пратакол з беларускага боку – начальнік упраўлення дэлімітацыі і дэмаркацыі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Каваленка, з польскага – начальнік аддзела пагранічнага супрацоўніцтва пагранічнага кіравання Галоўнай камендатуры пагранічнай варты Рэспублікі Польшча Дарьюш Гурэцкі.
Сумесная камісія была ўтворана на падставе палажэнняў Дагавора паміж Урадам Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і Урадам Польскай Народнай Рэспублікі аб рэжыме савецка-польскай дзяржаўнай граніцы, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе па пагранічных пытаннях, падпісанага ў Маскве 15 лютага 1961 года і прыступіла да працы 12 кастрычніка 2011 года .
Уладзімір Каваленка распавёў, што ў сваім Заключным пратаколе камісія канстатавала, што ўсе задачы, звязаныя з правядзеннем сумеснай праверкі і кантрольнага агляду выкананы і ўсе работы завершаны. Складзеныя ў выніку дэмаркацыйныя дакументы з'яўляюцца пашпартам граніцы. Кожны бок прызнае праходжанне дзяржаўнай граніцы і граніцы сваіх тэрыторый.
Ігар Мілідовіч адзначыў, што гэты першы вопыт у выкананні работ па праверцы праходжання граніцы з сумежная дзяржавай вельмі важны для Беларусі ў якасці рэалізацыі суверэннага права.
«Была праведзена велізарная праца. Усе праблемы, якія ўзнікалі, былі выключна тэхнічнага характару і хутка вырашаліся. Цяпер абодзве нашых дзяржавы будуць мець уласныя дакументы, што вельмі важна для адносін паміж Польшчай і Беларуссю» – падкрэсліў Дар’юш Гурэцкі.
На сённяшні дзень працягласць сумеснага ўчастка дзяржграніцы складае каля 428 км, у тым ліку сухапутны ўчастак – 186 км, водны – 242 км. Дэмаркацыя дзяржаўнай граніцы з Польшчай была праведзена ў 1946 - 1947 гадах. Пасля гэтага ў 1962 годзе, а таксама ў 1978 - 1979 гадах праводзіліся праверкі праходжання савецка-польскай дзяржаўнай граніцы па рэках, раўчуках і каналах.