Чатыры афрыканца затрыманы на граніцы з Польшчай

26.02.2019
Чатыры афрыканца затрыманы на граніцы з Польшчай

23 лютага ў Бераставіцкім раёне пагранічнікі затрымалі чатырох невядомых пры спробе парушэння граніцы з Польшчай.

Каля 6 гадзін раніцы супрацоўнікі аддзялення пагранкантролю «Бераставіца» выявілі мужчыну без дакументаў, які спрабаваў абысці пункт пропуску. Затрыманы прадставіўся грамадзянінам Камеруна. Затым у ходзе пошукавых мерапрыемстваў трывожная група затрымала яшчэ траіх: у аднаго быў пашпарт Гвінеі, другі меў пры сабе даведку аб прызнанні яго бежанцам на тэрыторыі Расіі, трэці – пашпарт грамадзяніна Камеруна.

Жыхары афрыканскага кантынента не сталі ўтойваць, што наўмысна спрабавалі парушыць граніцу ў Польшчу з мэтай пошуку лепшых умоў жыцця ў краінах Еўрасаюза.

У дачыненні да правапарушальнікаў распачаты адміністрацыйны працэс за спробу незаконнага перасячэння граніцы, парушэнне пагранічнага рэжыму і правілаў знаходжання. Акрамя штрафу замежнікам пагражае дэпартацыя з забаронай уезду ў Беларусь да 5 гадоў.