Баннеры на главную бел

Кіраўнік дзяржавы зацвердзіў рашэнне на ахову Дзяржаўнай граніцы ў 2023 годзе

23.01.2023

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 23 студзеня прыняў з дакладам Старшыню Дзяржаўнага пагранічнага камітэта генерал-лейтэнанта Анатоля Лапо.

Кіраўнік дзяржавы зацвердзіў рашэнне на ахову Дзяржаўнай граніцы ў 2023 годзе

Як адзначыў кіраўнік ведамства, усе даручэнні, аддадзеныя Кіраўніком дзяржавы органам пагранслужбы ў 2022 годзе, выкананы. Абстаноўка на дзяржаўнай граніцы застаецца прагназуемай і кантралюемай.

У той жа час, у мінулым годзе захоўваліся знешнія выклікі пагранічнай бяспекі, звязаныя з мілітарызацыяй прыгранічных рэгіёнаў суседніх дзяржаў Еўрасаюза і Украіны, актывізацыяй разведвальнай дзейнасці, а таксама спробамі пранікнення ў Беларусь радыкальна настроеных асоб.

Сёння паблізу ад беларускай граніцы сканцэнтравана групоўка ўзброеных фарміраванняў суседніх дзяржаў Еўрасаюза і Украіны агульнай колькасцю каля 23,5 тысяч чалавек. Найбольш шматлікія з іх воінскія фарміравання сканцэнтраваны ва Украіне – 17, 2 тыс. і ў Польшчы – 3, 7 тыс.

Пры гэтым уздоўж нашых рубяжоў працягвае ўзводзіцца «жалезная заслона» не толькі са стацыянарных інжынерных збудаванняў і загарод, але і мінных палёў на паўднёвым напрамку. Па стане на 1 студзеня бягучага года ўзведзена звыш 980 км інжынерных загарод розных тыпаў, з іх: Польшчай - 202 км, Літвой - 553 км, Латвіяй - 86 км, Украінай - 141 км.

Вядзецца актыўная паветраная разведка беларускай тэрыторыі з выкарыстаннем беспілотных лятальных апаратаў. З пачатку спецыяльнай ваеннай аперацыі зафіксаваны 463 палёты беспілотнікаў уздоўж дзяржаўнай граніцы.

Украінскім бокам на ўсім участку граніцы актыўна ажыццяўляюцца правакацыйныя дзеянні: пашкоджанне пагранічнай інфраструктуры, абразы і аказанне псіхалагічнага націску на беларускіх пагранічнікаў, дэманстратыўныя дзеянні, у тым ліку з выкарыстаннем зброі, гукавой апаратуры, лазераў і лістовак. У 2022 годзе на паўднёвых рубяжах зафіксавана 88 такіх фактаў.

У гэтай няпростай абстаноўцы для абароны жыцця і здароўя ўвесь асабовы састаў органаў пагранічнай службы, які непасрэдна ахоўвае граніцу, забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны, створана сістэма інжынерных збудаванняў і загарод у месцах нясення службы на граніцы і ў падраздзяленнях.

Летась працягвалася ўмацаванне беларуска-ўкраінскага ўчастка граніцы. За кошт унутраных ведамасных рэзерваў сфарміравана пагранічная застава "Гдзень" Гомельскай пагрангрупы, у заставу рэарганізаваны пост "Мутвіца" Пінскага пагранатрада. У Гродзенскай і Смаргонскай пагрангрупах, Лідскім і Мазырскім атрадах сфарміраваны авіяцыйныя падраздзяленні, аснашчаныя аўтажырамі і беспілотнымі авіяцыйнымі комплексамі.

У рамках удасканалення аператыўнай і баявой падрыхтоўкі асабовага састава праведзены тактычныя вучэнні з баявой стральбой з манеўранымі групамі. Для падтрымання высокай баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці мерапрыемствы баявога зладжвання прайшлі падраздзяленні мабілізацыйнага рэзерву тэрытарыяльных органаў пагранслужбы.

У 2022 годзе беларускай пагранічнай службай у планавым парадку ажыццяўлялася ўдасканаленне інфраструктуры граніцы і прыгранічнай тэрыторыі. Так, на прыбалтыйскім напрамку абсталявана больш за 19 км новых рубяжоў аховы з пагранічнымі дарогамі і кантрольна - следавой паласой, яшчэ каля 9 км загарод для наступнага аснашчэння сігналізацыйнымі сродкамі. Пабудавана 8 пешаходных мастоў. На польскім напрамку асноўныя намаганні былі накіраваны на падтрыманне існуючай інжынернай інфраструктуры ў спраўным стане з улікам умоў надвор'я. Найбольш значны аб'ём работ выкананы на ўкраінскім напрамку, на якім у мінулым годзе абсталявана каля 23 км новых рубяжоў аховы, а таксама 26 км загарод для наступнага тэхнічнага абсталявання. Сігналізацыйнымі комплексамі прыкрыта больш за 25 км граніцы.

У межах Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка 60 км граніцы прыкрыта сучасным комплексам тэхнічных сродкаў кантролю, які ўключае сейсмадатчыкі, фотакамеры і сродкі перадачы даных. Устаноўлена 6 аўтаматызаваных пастоў тэхнічнага назірання для дыстанцыйнага кантролю адкрытых участкаў мясцовасці. Пабудаваны 3 пешаходныя масты.

Летась органамі пагранічнай службы праведзены комплекс мерапрыемстваў па стабілізацыі міграцыйнай сітуацыі на граніцы з суседнімі дзяржавамі Еўрасаюза, недапушчэнні незаконнага выцяснення ў Беларусь парушальнікаў з іх тэрыторыі.

Так, у 2022 годзе спынена больш за 3,8 тыс. спроб незаконнага выцяснення ў Беларусь груп іншаземцаў з тэрыторыі суседніх дзяржаў ЕС агульнай колькасцю больш за 31 тыс. чалавек. З пачатку міграцыйнага крызісу (са жніўня 2021 г. па 23 студзеня 2023 г.) у непасрэднай блізкасці ад граніцы выяўлена 17 загінуўшых бежанцаў.

Колькасць затрыманых парушальнікаў граніцы ў 2022-м павялічылася на 51 % (з 318 да 480 чал.). Таксама адзначаны агульны рост на 10 % агульнай колькасці парушальнікаў заканадаўства аб дзяржграніцы (з 1857 да 2043 чал.). Пры спробе ўезду ў Беларусь выяўлены 52 асобы, якія падазраюцца ў экстрэмісцкай дзейнасці.

У рамках барацьбы з арганізаванай трансгранічнай злачыннасцю органамі пагранслужбы самастойна і ва ўзаемадзеянні з іншымі праваахоўнымі ведамствамі спынена 50 каналаў супрацьпраўнай дзейнасці (у 2021 – 23), у тым ліку 31 канал незаконнай транзітнай міграцыі (затрымана 50 арганізатараў і памагатых) і 19 каналаў наркатрафіку (затрымана 19 арганізатараў і памагатых). Усяго ў 2022 годзе затрымана 69 арганізатараў і саўдзельнікаў арганізаванай трансгранічнай супрацьпраўнай дзейнасці (у 2021 - 29).

Адзначаецца значнае павелічэнне аб'ёмаў незаконнага абароту і перамяшчэння праз граніцу наркотыкаў, якіх у 2022 годзе канфіскавана больш за 167 кг. Павелічэнне ў 47 разоў у параўнанні з 2021 годам звязана са зняццем "кавідных" абмежаванняў і аднаўленнем каналаў прамога і транзітнага трафіку наркотыкаў з краін Еўрасаюза і Украіны.

Летась забяспечаны пропуск праз граніцу больш за 3 млн транспартных сродкаў і звыш 8,5 млн асоб (павелічэнне на 28% у параўнанні з 2021 г.). У пунктах пропуску выяўлена каля 2,7 тысячы асоб з няспраўнымі дакументамі.

У 2022-м сістэма "электроннай чаргі" запрацавала ў пункце пропуску Бераставіца. У рамках прадаўжэння работы па аптымізацыі кантрольных працэдур мытным органам перададзены асобныя пагранічныя функцыі ў 6 пунктах пропуску (Грыгараўшчына, Беняконі, Беняконі на чыгуначнай станцыі Беняконі, Свіслач на чыгуначнай станцыі Свіслач, Макраны, Верхні Церабяжоў).

Летась Дзяржпагранкамітэтам асвоена больш за $4,5 млн. міжнароднай тэхнічнай дапамогі, якія накіраваны на развіццё пагранічнай інфраструктуры, а таксама вырашэнне гуманітарных пытанняў на граніцы. У сувязі з санкцыямі Захаду ў адносінах да нашай краіны дзеянне асобных праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі прыпынена.

Ва ўмовах спынення кантактаў з украінскім бокам органамі пагранічнай службы з захаваннем мер бяспекі працягваліся работы па дэмаркацыі дзяржаўнай граніцы з Украінай. У межах Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці ўстаноўлены 143 пагранічныя знакі. Завершаны геадэзічныя работы на ўчастку граніцы ў граніцах Столінскага раёна Брэсцкай вобласці.

У 2023 годзе асноўныя намаганні ў ахове граніцы будуць сканцэнтраваны на ўкраінскім напрамку, а таксама на ўчастках, дзе магчыма ўзнікненне новых знешніх выклікаў і пагроз пагранічнай бяспецы. Сярод асноўных задач таксама павышэнне баявой гатоўнасці органаў пагранслужбы шляхам удасканалення баявой падрыхтоўкі і ўсебаковага забеспячэння падраздзяленняў. Працягнецца нарошчванне баявых магчымасцей манеўраных груп, развіццё патэнцыялу ведамства па выяўленні знешніх пагроз пагранічнай бяспецы. Далейшае развіццё інфраструктуры дзяржаўнай граніцы будзе ўключаць у сябе ўзвядзенне новых рубяжоў аховы і аснашчэнне іх самымі сучаснымі тэхнічнымі сродкамі на найбольш небяспечных участках.

Па выніках даклада Кіраўнік дзяржавы зацвердзіў рашэнне на ахову дзяржаўнай граніцы органамі пагранічнай службы ў 2023 годзе.