Баннеры на главную бел

Гомельская пагранічная група адзначае 25-гадовы юбілей

03.09.2022

Сфарміраваная першапачаткова як пагранічны атрад, Гомельская пагранічная група пачала свой шлях 31 ліпеня 1997 года з моманту падпісання Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 419 "Аб мерах па ўзмацненню аховы Дзяржаўнай граніцы".

Гомельская пагранічная група адзначае 25-гадовы юбілей

Баявы сцяг пагранічнаму атраду быў уручаны 3 верасня 1998 года. Гэтая дата адзначаецца як Дзень часці. У лістападзе 2009 года атрад рэарганізаваны ў Гомельскую пагранічную групу. Працягласць ахоўнага ўчастка граніцы з Украінай складае 305 км, з якіх 136 км прыпадае на сухапутны ўчастак і 169 км - на рачны. Гомельскія пагранічнікі нясуць службу па ахове граніц у межах Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка - адзінага ў свеце, у якім вывучаюцца і захоўваюцца ў натуральным стане тэрыторыі, якія падвергліся радыеактыўнаму ўздзеянню пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Для ўзмацнення аховы водных рубяжоў, спынення там нелегальнага перамяшчэння грамадзян і грузаў, а таксама прадухілення браканьерскага раскрадання прыродных рэсурсаў на рэках Днепр і Сож у 1999 годзе была сфарміравана група пагранічных катэраў. Пазней яна была пераўтворана ў камендатуру. З 2016 па 2020 гады дадаткова выстаўлены на ахову рубяжоў пагранічныя заставы «Асарэвічы», «Карпаўка» і «Дзеражычы». Іх асаблівасць заключаецца ў тым, што яны размяшчаюцца на рэках Днепр, Сож і базіруюцца на брандвахтах.

У падраздзяленнях групы маюцца высокатэхналагічныя сучасныя сродкі назірання і выяўлення парушальнікаў. Оптыка-электронныя і радыёэлектронныя інтэлектуальныя сістэмы, прыборы начнога бачання, цеплавізары, іншыя тэхнічныя сродкі аховы дзяржаўнай граніцы і інжынернае абсталяванне дазваляюць кантраляваць сітуацыю на ўчастку пагранічнай заставы ў рэжыме рэальнага часу.

З 2020 года пачалося ўзвядзенне аўтаматызаваных пастоў назірання. Усе тэхнічныя сродкі аховы граніцы, у тым ліку і сучасныя лічбавыя радыёстанцыі і навігацыйнае абсталяванне пагранічных нарадаў, аб'яднаны ў аўтаматызаваную сістэму забеспячэння аператыўна-службовай дзейнасці. Яна дае магчымасць весці кантроль за дзеяннямі пагранічных нарадаў у рэжыме рэальнага часу, сачыць за развіццём сітуацыі на граніцы і ў выпадку неабходнасці аператыўна рэагаваць на абстаноўку. Адначасова сучаснымі аўтаматызаванымі сістэмамі забяспечваюцца і падраздзяленні пагранічнага кантролю.

Па выніках аператыўна-службовай дзейнасці за 2010, 2014, 2020 гады Гомельская пагрангрупа станавілася лепшай сярод тэрытарыяльных органаў пагранічнай службы.

Прытрымліваючыся традыцый па захаванні памяці папярэдніх пакаленняў, 4 кастрычніка 2018 г. пагранічнай заставе «Лоеў» прысвоена імя Героя Савецкага Саюза лейтэнанта Мікалая Цімафеевіча Сушанава. Акрамя таго гомельскія пагранічнікі сталі ініцыятарамі ўзвядзення пяці помнікаў і памятных знакаў, прысвечаных пагранічнай службе.

Гэты юбілейны год не стаў выключэннем. Ва ўрачыстай абстаноўцы на тэрыторыі ўпраўлення часці ў абласным цэнтры была адкрыта мемарыяльная кампазіцыя «Пагранічны катэр «Аіст».