Навіны

Пагранічнікі прынялі ўдзел у рэспубліканскім суботніку

16.04.2022


Амаль 11 з паловай тысяч супрацоўнікаў органаў пагранічнай службы і іх сем'яў далучыліся да рэспубліканскага суботніка, які праходзіць у краіне 16 красавіка. У гэтым годзе пагранічнікі добраўпарадкоўвалі і прыводзілі ў належны стан звыш 180 мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны.

Брэсцкія пагранічнікі наводзілі парадак на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Стражам граніц», а таксама на месцы размяшчэння 9-ай пагранічнай заставы ў Брэсцкай крэпасці, дзе ўстаноўлена скульптурная кампазіцыя «Героям граніцы, жанчынам і дзецям мужнасцю сваёй у неўміручасць ступіўшы».

У гродзенскім рэгіёне вайскоўцы ў ліку іншых месцаў засяродзіліся на добраўпарадкаванні тэрыторыі мемарыяльнага комплекса «Загінуўшым, але непераможаным воінам Беларускай пагранічнай акругі». Таксама праводзіліся работы на месцы гібелі ў чэрвені 1941 года 4-й пагранічнай заставы 86-га Аўгустоўскага пагранатрада пад камандаваннем старшага лейтэнанта Ф.Кірычэнкі, размешчанай каля вёскі Доргунь.

Гомельскія пагранічнікі прывялі ў належны стан пляцоўку ля мемарыяльнага комплексу «Бітва за Днепр» у Лоеве. У Мінску вайскоўцы сканцэнтравалі намаганні на тэрыторыі Ленінскага і Першамайскага раёнаў сталіцы, у прыватнасці наводзілі парадак у скверы па бульвары Талбухіна і пляцоўцы каля памятнага знака «Вартавым граніцы ўсіх пакаленняў».

Больш за 174 тысячы рублёў – менавіта столькі было сабрана пагранічнікамі ў фонд рэспубліканскага суботніка – будуць накіраваныя для фінансавання капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй і элементамі рэстаўрацыі дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь».