Касманаўт Алег Навіцкі сустрэўся з пагранічнікамі
Сёння, 20 снежня, інструктар-касманаўт-выпрабавальнік Алег Навіцкі наведаў Інстытут пагранічнай службы. У сустрэчы прыняў удзел Старшыня Дзяржпагранкамітэта генерал-лейтэнант Анатоль Лапо.
Шлях у космас для ўраджэнца беларускага Чэрвеня Алега Навіцкага пачаўся зімой 2007 года. Пасля скрупулёзнага адбору і дбайнай спецпадрыхтоўкі ў 2009 годзе рашэннем спецыяльнай камісіі прафесійнаму лётчыку прысвоілі кваліфікацыю «касманаўт-выпрабавальнік».
У 2012-м Алега Навіцкага залічылі ў склад асноўнага экіпажа арбітальнай станцыі. У якасці камандзіра пасажырскага транспартнага пілатуемага карабля «Саюз ТМА-06М» ён здзейсніў дэбютны палёт на МКС. Праз 4 гады касманаўт быў кіраўніком дублюючага экіпажа, а праз некалькі месяцаў камандзір асноўнага экіпажа Навіцкі здзейсніў свой другі палёт у космас. У красавіку гэтага года Герой Расіі трэці раз адправіўся на МКС. Падчас гэтай місіі ўраджэнец Беларусі нават паўдзельнічаў у кінематаграфічным праекце.
Напярэдадні, 17 снежня, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў Алега Навіцкага ордэнам Дружбы народаў за значныя дасягненні ў асваенні космасу і вялікі асабісты ўклад ва ўмацаванне міжнародных сувязей.
У ходзе сустрэчы касманаўт-выпрабавальнік падзяліўся з пагранічнікамі гісторыяй свайго жыцця і службы, расказаў пра асаблівасці падрыхтоўкі да касмічных экспедыцый і знаходжанні на МКС з замежнымі калегамі.