Баннеры на главную бел

Урачыстасці ў гонар апекуна беларускіх пагранічнікаў Архістратыга Міхаіла сёння праходзяць пад Мінскам

27.11.2021

Урачыстасці, прымеркаваныя да Дня Сабора Архістратыга Міхаіла, праходзяць 27 лістапада на тэрыторыі храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў Тарасава пад Мінскам.

Урачыстасці ў гонар апекуна беларускіх пагранічнікаў Архістратыга Міхаіла сёння праходзяць пад Мінскам

Менавіта гэты анёл быў вызначаны як нябесны заступнік органаў пагранічнай службы. Традыцыйна кожны год у храме на святочным богаслужэнні збіраецца кіраўніцтва Дзяржпагранкамітэта, асабовы склад Мінскага гарнізона, курсанты Інстытута пагранічнай службы. У гэтым годзе яго праводзіць Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін. Менавіта ён сёння благаславіў асабовы склад 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы і ўручыў Харугву з выявай Архістратыга Міхаіла палкоўніку Сяргею Піўню.

Гэтая святочная сустрэча з'яўляецца лагічным завяршэннем двухгадовага цыкла насычанай праграмы супрацоўніцтва паміж органамі пагранічнай службы і Беларускай Праваслаўнай Царквой. Узаемадзеянне пачалося ў 2003 годзе, і з таго часу ў кожным падраздзяленні праходзяць розныя мерапрыемствы з удзелам праваслаўных святароў. Прадстаўнікі царквы для развіцця міласэрнасці, верацярпімасці і грамадзянскай адказнасці рэгулярна праводзяць гутаркі як з новым папаўненнем, так і з тымі, хто абраў службу на граніцы справай усяго жыцця. У Смаргонскай пагрангрупе і Лідскім пагранатрадзе ўзведзены праваслаўныя храмы, функцыянуюць дамавыя царквы ў ваенным шпіталі органаў пагранічнай службы і Мазырскім пагранатрадзе, ва ўсіх падраздзяленнях граніцы арганізаваны малітоўныя куткі.

За асабісты значны ўклад ва ўмацаванне ўзаемадзеяння паміж органамі пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой па выніках 2020 і 2021 гг. адзначаны генерал-лейтэнант у адстаўцы Аляксандр Паўлоўскі, які раней узначальваў пагранічнае ведамства. Ён узнагароджаны спецыяльным нагрудным знакам Архістратыга Божага Міхаіла.

Дарэчы, падчас сёлетняй сустрэчы Уладыка Веніямін перадаў у дар музею гісторыі органаў пагранічнай службы асабісты нагрудны знак, уручаны яму ў 2013 годзе.


Старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта генерал-лейтэнант Анатоль Лапо і Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін адзначылі ваеннаслужачых і святароў, якія ўнеслі значны ўклад ва ўмацаванне супрацоўніцтва паміж праваслаўнай царквой і органамі пагранічнай службы, уручыўшы ім граматы. Акрамя таго, былі вызначаны лаўрэаты штогадовых Астрожскіх чытанняў.

Пасля заканчэння набажэнства духавенства і вайскоўцы ўшанавалі памяць загінуўшых у 1941 годзе пагранічніка малодшага сяржанта Цімафея Марозава і воінаў кулямётнага разліку, усклаўшы кветкі да месца пахавання, размешчанага на тэрыторыі прыхода.

Таксама была асвечана і адкрыта рабінавая Алея Памяці да 80-годдзя подзвігу пагранічнікаў у першых баях у Вялікай Айчыннай вайне пры абароне Дзяржаўнай граніцы СССР. Такая ініцыятыва ажыццёўлена сіламі афіцэрскага сходу Дзяржпагранкамітэта.