Государственный пограничный комитет Республики Беларусь

Информационный портал


Застава «Островецкая»: как проходит служба на границе

  23.02.2016      839 Источник: Астравецкая праўда

Застава «Островецкая»: как проходит служба на границе Пра тое, што на беларуска-літоўскай мяжы з’явіліся дзве новыя пагранічныя заставы, стала вядома яшчэ ў 2014 годзе – тады ў Астравецкім раёне для своечасовага рэагавання на сучасныя выклікі і пагрозы пагранічнай бяспекі ў Смаргонскай пагранічнай групе да выканання задач па ахове дзяржаўнай мяжы прыступілі дзве новыя мабільныя пагранічныя заставы. А 1 кастрычніка мінулага года новым заставам згодна з Указам №564 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь былі прысвоены назвы “Астравецкая” і “Маладзечанская”.

Напярэдадні свята абаронцаў Айчыны мы наведаліся на заставу “Астравецкая”, якая пакуль што месціцца ў прыстасаваным будынку былой сельскай школы ў вёсцы Караняты, і паглядзелі, як праходзіць служба надзейных ахоўнікаў мяжы.

З ваеннаслужачымі пагранічнікамі мы сустрэліся задоўга да Каранят. Пры ўездзе ў пагранічную зону перад Падольцамі нашу машыну спыніў нарад кантрольнага паста – і ніякія адгаворкі, што мы едзем якраз на пагранічную заставу рабіць рэпартаж, не дапамаглі нам – давялося прад’явіць пашпарты і адкрыць багажнік машыны. Такі парадак. Гэта і правільна, асабліва ў часы, калі ў суседніх краінах неспакойна.

І вось мы ў Каранятах. Пагранічную заставу, нягледзячы на тое што знаходзіцца яна ў прыстасаваным будынку, бачна здалёк – зялёная агароджа і дзяржаўны сцяг нашай краіны прыцягваюць увагу. А вось каб трапіць на яе тэрыторыю, даводзіцца выклікаць дзяжурнага, які і праводзіць мяне да начальніка пагранічнай заставы “Астравецкая” Аляксандра Уладзіміравіча Барысенкі.

Дзяжурка, кухня, сталовая, спальны корпус, кабінет начальніка – тут ёсць усё неабходнае для службы і адпачынку.
– Нягледзячы на часовыя бытавыя цяжкасці, з якімі сутыкнуліся ваеннаслужачыя пагранічнікі, ніхто не скардзіцца, – расказвае начальнік заставы. – Мы змаглі стварыць тут умовы і для службовай дзейнасці, і для жыцця.
Пагранічнікі, якія прыступілі да нясення службы на пагранічнай заставе, значна павысілі якасць аховы дзяржаўнай мяжы на гэтым накірунку. Толькі за мінулы год на ўчастку, які адносіцца да пагранічнай заставы “Астравецкая”, было затрымана 32 парушальнікі пагранічнага рэжыму і тры парушальнікі дзяржаўнай мяжы.
– Асноўны кантэнгент затрыманых – грамадзяне В’етнама і Грузіі, – расказвае Аляксандр Уладзіміравіч.
– Мы працуем у цеснай сувязі з мясцовым насельніцтвам, – далучаецца да размовы намеснік начальніка Смаргонскай пагранічнай групы па ідэалагічнай рабоце Дзмітрый Станіслававіч Ляшэвіч. – І жыхары аказваюць пагранічнікам немалую дапамогу.

Пра тое, што разуменне з мясцовым насельніцтвам ёсць, гаворыць і работа добраахвотнай дружыны, якая створана ў Падольцах. І для іх, як і для пагранічнікаў “межы Радзімы – свяшчэнныя”.
Адзін з тых, хто сёння праходзіць на заставе тэрміновую службу, – Антон Смятанка. Хлопец родам з Мядзеля, а на заставе ўжо дзявяты месяц. Праз пару месяцаў служба закончыцца, але ўжо сёння ў хлопца ўзнікае думка прадоўжыць службу ў органах пагранічнай службы.
– Пытання служыць ці не служыць перада мной не стаяла, – расказвае Антон. – Гэта абавязак кожнага мужчыны. І я рады, што мне выпаў гонар служыць у элітных войсках нашай краіны – органах пагранічнай службы.
За дзевяць месяцаў юнаку не раз даводзілася прымаць удзел у затрыманні нелегалаў. Менавіта такія мерапрыемствы запамінаюцца больш за ўсё.
– Гэта адрэналін. Бывае, сядзіш у засадзе па пяць-шэсць гадзін, а потым тваё цярпенне ўзнагароджваецца – і ты затрымліваеш парушальніка дзяржаўнай мяжы. Звычайна такія людзі не праяўляюць супраціўлення – напэўна, разумеюць, з кім маюць справу.

Займацца сур’ёзнай мужчынскай справай марыў і сённяшні начальнік пагранічнай заставы “Астравецкая” Аляксандр Уладзіміравіч Барысенка. Прыкладам для яго быў дзядзька, які праходзіў службу ў Афганістане, потым быў ваенным юрыстам.
– Менавіта таму я вырашыў паступаць у Сувораўскае вучылішча, – расказвае Аляксандр Уладзіміравіч. – Год рыхтаваўся сам і маральна рыхтаваў сваіх бацькоў. Ім, канешне, не вельмі хацелася адпускаць мяне ў Мінск, аднак яны мяне ўсё ж падтрымалі. І пасля шостага класа я ўжо стаў курсантам Сувораўскага вучылішча, а потым і факультэта пагранічных войскаў Ваеннай Акадэміі.
Праўда, заканчваў Аляксандр Уладзіміравіч ужо Інстытут пагранічнай службы, адкуль па накіраванні трапіў на Астравеччыну ў аддзел пагранічнай службы “Гудагай”.
– На той час пра Астравец ведаў толькі тое, што тут будуць будаваць першую Беларускую атамную электрастанцыю. Прайшло пару гадоў – і Астравец змяніўся літаральна на вачах: вырас першы мікрараён, актыўна будуецца другі, не за гарамі той час, калі пачнецца ўзвядзенне цэнтральнай часткі горада. І ўсё гэта адбываецца на нашых вачах.
Дарэчы, жонка начальніка заставы таксама пагранічніца – з Веранікай Аляксандр пазнаёміўся ў Смаргонскай пагранічнай групе, куды тая прыехала ў камандзіроўку з пагранзаставы “Дзівін” Кобрынскага раёна.
Сёння сям’я Аляксандра Уладзіміравіча – у якой ужо падрастаюць два сыны Сямён і Канстанцін – жыве ў Смаргоні, а тата наведваецца да іх толькі ў вольны час. Аднак ніхто на рэдкія сустрэчы не наракае – са службай пагранічнікаў Вераніка знаёма добра.
– Мне б хацелася, каб у бацькоў-пагранічнікаў і дзеці сталі пагранічнікамі, – дзеліцца патаемным Аляксандр Уладзіміравіч.

– Дарэчы, сёлета ў Інстытут пагранічнай службы будуць прымаць і дзяўчат: са 100 месцаў 20 выдзелена менавіта для прыгожай паловы чалавецтва, – дадае намеснік начальніка Смаргонскай пагранічнай групы па ідэалагічнай рабоце Дзмітрый Станіслававіч Ляшэвіч. – Хаця, канешне, большасць пагранічнікаў – гэта мужчыны. І як паказвае статыстыка, выпадковыя людзі ў нашых органах не затрымліваюцца. Большасць прыходзіць у пагранічнікі па закліку сэрца – і выконваюць свой грамадзянскі абавязак з годнасцю.

Сённяшні інспектар другога аддзялення Віктар Генадзьевіч Ёч у юнацтве тэрміновую службу праходзіў у пагранічных войсках у Пінску.
– Служыў у ваеннай часці 1235 на мабільнай рэзервовай пагранічнай заставе, – расказвае Віктар Генадзьевіч. – Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на радзіму – і праз некаторы час прызваўся ў органы пагранічнай службы.
З 2014 года Віктар Генадзьевіч на пагранічнай заставе – і яго задача, гэтаксама як і іншых пагранічнікаў, стварыць камфортныя ўмовы жыцця для законапаслухмяных грамадзян.
Дарэчы, на пагранічнай заставе нясуць службу і надзейныя сябры пагранічнікаў – пошукавыя сабакі, якія таксама годна спраўляюцца з пастаўленымі перад імі задачамі.
У канцы мінулага года ў суседняй з Каранятамі вёсцы Буйкі пачалося будаўніцтва сучаснай пагранічнай заставы, на тэрыторыі якой размесцяцца адміністрацыйны і тэхнічныя будынкі, 12-кватэрны жылы дом для ваеннаслужачых, гадавальнік для сабак, шматлікія трэніровачныя пляцоўкі і шэраг іншых збудаванняў.

А пакуль што на заставе ў Каранятах кожны дзень жывуць па строгім распарадку дня, праходзяць інструктажы і вучацца, ходзяць у пагранічныя нарады, каб кожны з нас, жыхароў не толькі раёна, але і ўсёй краіны, жыў спакойна.

Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter




ЧИТАЙТЕ ТАКЖЕ