Государственный пограничный комитет Республики Беларусь

Информационный портал


За рэгістрацыю ў электроннай чарзе на мяжы грошы браць не будуць

  11.01.2016      524 Источник: euroradio.fm


Навагодні настрой беларусаў, якія любяць ездзіць за мяжу на машыне, сапсавала паведамленне пра аплату за рэгістрацыю ў электроннай чарзе на мяжы. Маўляў, цяпер, калі хочаш выехаць з Беларусі —плаці грошы. І сума не маленькая: 0.8 базавай з “легкавушкі” ці матацыкла, ці прасцей кажучы, 168 тысяч рублёў у звычайныя дні і 1 базавая, ці 210 тысяч рублёў — у святочныя. Адпаведная Пастанова Савета міністраў набыла моц 8 студзеня 2016 года.

Няўжо цяпер немагчыма выехаць за мяжу бясплатна? На самой справе, тлумачыць кіраўнік прэс-службы Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка, плаціць за рэгістрацыю ў электроннай чарзе нічога не трэба.

“Аплата будзе толькі за браніраванне канкрэтнага часу заезду на пункт пропуску. Гэта, як такая платная паслуга. Само перасячэнне мяжы і ўезд на пункт пропуску — гэта бясплатна. Сістэма электроннай чаргі складаецца з двух элементаў: платная паслуга, калі чалавек хоча гарантавана ведаць, што ў гэты час ён перасячэ мяжу без розных чэргаў і другі элемент — агульная чарга, але з рэгістрацыяй. Ну, як у банку, для таго, каб быў парадак, каб ніхто не залез без чаргі. Як гэта было раней, калі ў чаргу ўлазілі, перашкаджалі і гэтак далей. Цяпер чалавек прыехаў у зону чакання, атрымаў свой нумар у чарзе, і спакойна чакае”, — тлумачыць схему працы электроннай чаргі на мяжы Аляксандр Цішчанка.

Такім чынам, калі вы не спяшаецеся, да прыкладу, ў аэрапорт і маеце час пачакаць, то плаціць за рэгістрацыю ў электроннай чарзе вам не трэба. Але тут узнікаюць новыя пытанні. Першае, а што, калі палова тых, хто едзе ў “ваш” дзень за мяжу, вырашылі не эканоміць і заплаціць за канкрэтны час — яны будуць ехаць і ехаць, а вам стой невядома колькі?

Суразмоўца Еўрарадыё супакойвае: для такіх “рэзервістаў” на памежных пераходах будзе асобны канал, і таму іх экспрэс-перасячэнне мяжы на агульную чаргу ўплываць не будзе. Да таго ж, колькасць рэзервацый часу ў электроннай чарзе плануецца абмежаваць.

Аляксандр Цішчанка: “Будзе пэўная колькасць месцаў, якія можна такім чынам забраніраваць. Тут таксама не да бясконцасці. Інакш створым чаргу з “браніраваных”.

Колькі чалавек у дзень змогуць за грошы забраніраваць сабе час перасячэння мяжы, прадстаўнік Памежнага камітэта не ведае. Кажа, на кожным канкрэтным памежным пераходзе будзе свой ліміт — у залежнасці ад “прапускной здольнасці” гэтага пункта пропуску. Але ліміт будзе, і калі гарантавана хочаце паспець на той жа самалёт — браніруйце загадзя, раіць Аляксандр Цішчанка.

Добра, каб не марнаваць час, вырашаеце вы адшкадаваць тыя дзесяць долараў і браніруеце сабе канкрэтны час у электроннай чарзе. Хутка праходзіце беларускую мяжу і… спыняецеся на нявызначаны час у чаканні на нейтральнай паласе перад польскім ці літоўскім пунктам пропуску. Проста таму, ваша бронь на, да прыкладу, літоўскіх памежнікаў не распаўсюджваецца. Пытанне каардынацыі па экспрэс-пропуску машын праз мяжу яшчэ на самой справе з замежнымі калегамі не ўзгодненае, прызнаецца Аляксандр Цішчанка.

“Зразумела, мы будзе інфармаваць і праводзіць сустрэчы ў Памежным камітэце для таго, каб прысутнічала сінхроннасць у гэтым пытанні. Але ж рознае здараецца і цэйтноты таксама бываюць”.

Супакойвае адно: сёлета па сістэме электроннай чаргі пачнуць працаваць толькі два пункты пропуску. “Брэст” павінен перайсці на новую форму працы да 29 лютага, а “Новая Рудня” — да 31 снежня. Астатнім далі час: частка мусіць увесці электронную чаргу да 31 снежня 2017 года, частка — да 31 снежня 2018 года. Таму, час на тое, каб дамовіцца з калегамі пра хуткі пропуск “браніраваных” у беларускіх памежнікаў ёсць.

Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter




ЧИТАЙТЕ ТАКЖЕ