.

Дзяржаўны пагранічны камітэт
Рэспублікі Беларусь

Інфармацыйны партал

Пінскі пагранічны атрад

Гістарычная даведка

Пагранічны атрад з'яўляецца аператыўна-тактычным злучэннем, службова-баявой і адміністрацыйна-гаспадарчай адзінкай пагранічнай службы, прызначанай для аховы пэўнага ўчастка Дзяржаўнай граніцы. Бяспека дзяржавы пачынаецца з яе граніц. 383 км займае Дзяржаўная граніца Беларусі і Украіны, на ахову якой у 1993 годзе выйшлі ваеннаслужачыя Пінскага пагранічнага атрада.

Пінскі пагранатрад з'яўляецца прыемнікам баявых традыцый Чырванасцяжнай, ордэна Ушакова 1-й ступені Дняпроўскай флатыліі. Таму яго гісторыя непарыўна звязана з баявым і рэвалюцыйным мінулым маракоў, якія ўпісалі нямала яркіх старонак у баявы летапіс Ваенна-марскога флоту.

Распаўся Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Вучэбная марская база, якая знаходзілася ў горадзе Пінску, пераехала ў Расію, а яе будынкі пуставалі ў чаканні новых гаспадароў. Менавіта ў 1993 г. паўстала неабходнасць у падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў для Пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь. І былая база Дняпроўскай флатыліі як нельга лепш падышла для стварэння на яе месцы навучальнага атрада. На шчасце, многія тэхнічныя работнікі і спецыялісты ВМФ, якія засталіся ад школы-вучэбкі па падрыхтоўцы маракоў, засталіся верныя гораду Пiнску і не спяшаліся за сваімі марскімі субратамі. Менавіта яны ў ліку першых і стаялі ля вытокаў зараджэння Пінскага пагранатрада. Акрамя выканання тэхнічных работ па рэканструкцыі аб'ектаў пагранічнікам прыйшлося вырашаць адну з найбольш складаных задач - гэта стварэнне вучэбна-матэрыяльнай базы. У атрадзе сабраліся прадстаўнікі розных родаў і відаў Узброеных Сіл былога СССР. Кожны з іх у асобнасці валодаў разнастайнымі ведамі, багатым армейскім вопытам. Амаль 85% з іх не служылі раней у пагранічных войсках. Не хапала падрыхтаваных выкладчыкаў і інструктараў, таму афіцэрам даводзілася адначасова вучыцца самім і навучаць падначаленых. Не хапала жылых вучэбных памяшканняў, адсутнічалі праграмы, метадычныя распрацоўкі, чарцяжы, схемы, трэнажоры. Знаходзіліся энтузіясты, якія ўзялі на сябе працу - напісаць навучальныя дапаможнікі, розныя інструкцыі і методыкі па выкананні праграм навучання.

Гэтая задача лягла на плечы, тады яшчэ старэйшага выкладчыка маёра (сёння падпалкоўніка ў адстаўцы) Дубовіка Юрыя Міхайлавіча. Добрай апорай для яго стаў створаны вучэбна-метадычны савет. У яго ўваходзіў маёр (сёння падпалкоўнік) Лотараў Віктар Іванавіч. Менавіта ён дапамог забяспечыць матэрыяльную базу навучальнага працэса. Яму належыць ідэя збудавання такога эфектыўнага «трэнажора» як гарадок пагранічнай службы. Былы ракетчык, а цяпер палкоўнік у адстаўцы Ксендзык Анатоль Мікалаевіч ствараў вучэбную базу па адпрацоўцы навыкаў ваджэння, класа тэарэтычнай падрыхтоўкі вадзіцельскага складу.

Немалую ролю ў станаўленні пагранічнага атрада ўнёс цяпер палкоўнік Палхоўскі Васіль Сцяпанавіч, які на працягу многіх гадоў кіраваў цэнтрам па падрыхтоўцы спецыялістаў. Добрых слоў заслугоўвае і ст. прапаршчык (сёння маёр) Шклярык Яўген Канстанцінавіч, які ў той час выконваў абавязкі начальніка фізічнай падрыхтоўкі. Будучы ўжо камандзірам узвода, ён практычна сам абсталяваў кабінет падрыхтоўкі спецыялістаў сувязі. І многім іншым прыйшлося «падымаць цаліну», зноўку ствараючы тое, што спраўна працавала на навучанне многіх пакаленняў абаронцаў Радзімы. 

У гэтым працэсе цяжка пераацаніць ролю начальніка атрада палкоўніка Андрэева Юрыя Іванавіча, які прыйшоў у пагранічныя войскі з паветрана-дэсантных войскаў, у шэрагах якіх ён паўтара года ваяваў у Афганістане.У самыя кароткія тэрміны створаны калектыў аднадумцаў.

Тут пачалі рыхтаваць сувязістаў, дызелістаў, кіроўцаў, вадалазаў, такіх салдат, якім і на грамадзянцы спатрэбіцца атрыманая тут спецыяльнасць. Толькі баявой можна лічыць толькі вайсковую спецыяльнасць мотастралкоў элітных падраздзяленняў пагранічных войскаў - мотаманеўраных груп. Толькі яны будуць удзельнічаць у сур'ёзных аперацыях на Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, таму і падрыхтоўка ў іх адпаведная: рукапашны бой, валоданне шматлікімі сістэмамі зброі, узмоцненая фізічная падрыхтоўка.

У 1994 году з'яўляецца эскіз эмблемы атряда - на фоне гарадской сімволікі - воўк. Гэта разумная, спрытная і вынослівая жывёла. Менавіта такімі якасцямі павінен валодаць сучасны пагранічнік.

3 студзеня 1995 г. навучальны атрад адзначаў афіцыйную дату першага года свайго існавання. За гэты час была створана вучэбна-матэрыяльная база і быў наладжаны вучэбна-выхаваўчы працэс.

8 студзеня 1995 года ў Пінскім навучальным пагранічным атрадзе пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь адбылася першая ў гэтай вайсковай частцы цэрымонія прывядзення ваеннаслужачых да прысягі. Дарэчы, толькі ў Пінску можна атрымаць спецыяльнасць ваенны вадалаз. Людзі, якія ўмеюць працаваць пад вадой, патрэбныя не толькі войскам, але і народнай гаспадарцы. Навучальны ўзвод рыхтуе вадалазаў у асноўным для рознага роду войскаў Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Забеспячэнне падводнага руху танкаў, навядзенне і абслугоўванне перапраў, пошук і ўздым розных патанулых прадметаў, падводнае размініраванне, выратавальныя аперацыі.

Кіраўніцтва атрада практычна на пустым месцы стварае духавы аркестр. Гарадскія арганізацыі дапамаглі з інструментамі. Кіраваць калектывам прызначылі прапаршчыка (а цяпер маёра) Палаша Міхаіла Іванавіча.

Улетку 1997 г. Пінскі навучальны пагранічны атрад быў ператвораны ў баявы атрад. На аснове міждзяржаўных дакументаў і дагавораў устаноўлены бязвізавы парадак уезду і транзітнага перамяшчэння грамадзян Рэспублікі Беларусь і Украіны па тэрыторыі дзвюх краін. Адкрываюцца пункты пропуску на тэрыторыі Брэсцкай вобласці для перасячэння беларуска-ўкраінскай граніцы. У сувязі з адкрыццём прапускных пунктаў задачы атрада ўскладніліся. Дэманструючы зладжанасць, арганізаванасць і высокі прафесіяналізм, атрад праводзіць аперацыі па спыненню незаконнага правозу грузаў і перамяшчэнню асоб праз Дзяржаўную граніцу Рэспублікі Беларусь.

У 1996 годзе атрад быў узнагароджаны пераходным вымпелам «Лепшай часткі Пагранічных войскаў», а камандзіру часткі ўручана медаль «За адзнаку ў ахове Дзяржаўнай граніцы». Дзень 3 красавіка 1998 года несумненна ўвайшоў яркай старонкай у слаўны летапіс Пінскага пагранічнага атрада. У гэты дзень ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнка А. Р. Старшыня Дзяржаўнага камітэта пагранічных войскаў генерал-лейтэнант Паўлоўскі А. А. перадаў атраду Баявы сцяг. Былі ўзнагароджаны медалём "За бездакорную службу II ступені» маёр (цяпер падпалкоўнік) Палхоўскі B. C. і «За бездакорную службу III ступені» капітан (цяпер падпалкоўнік юстыцыі) Мінін Н. А.

2001 г. запомніцца тым, што школа па падрыхтоўцы спецыялістаў сувязі была ператворана ў цэнтр, пры якім пачала сваю працу школа па падрыхтоўцы прапаршчыкаў-сувязістаў пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь. Выхаванцы цэнтра, прайшоўшы курс навучання, працягваюць службу на заставах і ў атрадах пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь. Абсалютная большасць іх праяўляе вернасць воінскаму абавязку, імкнецца ў дасканаласці спазнаць зброю і тэхніку, узорна несці службу і станавіцца высакакласнымі спецыялістамі. 

Горад Пінск рады сваім суседзям. Улады не раз звярталіся да пагранічнікаў з просьбай дапамагчы ў вырашэнні розных гарадскіх праблем. Пры гэтым гарадское ўпраўленне не забывае сваіх салдат.

Паўсядзённую дапамогу камандаванню ў забеспячэнні навучальнага працэсу, у бытавым абслугоўванні асабістага складу аказваюць рабочыя і служачыя часткі. Гэта работнікі харчаблока і лазнева-пральнага камбіната, аўтапарка, кватэрна-эксплутацыйных службаў, медыцынскіх работнікаў і многія іншыя.

У першыя гады новага тысячагоддзя было створана 29 добраахвотных дружын, колькасцю больш за 360 чалавек, з дапамогай якіх было затрымана нямала парушальнікаў Дзяржаўнай граніцы, таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў на значныя сумы. Гэта сведчанне таго, што пагранічнікі атрымліваюць падтрымку з боку органаў дзяржаўнай улады і значнай часткі насельніцтва прыгранічных раёнаў.

У лістападзе 2005 года быў завершаны капітальны рамонт казармы. Цалкам быў відазменены фасад будынка. У памяшканнях казармы ўсё было адрамантавана ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі. У цэлым, за апошнія гады Пінскі атрад значна змяніўся - адрамантаваны практычна ўсе будынкі, якія знаходзяцца на тэрыторыі вайсковай часткі.  

Па выніках аператыўна-службовай дзейнасці ў 2008 годзе ў Пінскім пагранатрадзе было папярэджана больш за дзвесце выпадкаў незаконнага перамяшчэння праз дзяржаўную граніцу таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў на агульную суму амаль 3 мільярды беларускіх рублёў. У сярэдзіне 2008 года пагранічныя войскі Рэспублікі Беларусь былі рэарганізаваны ў пагранічную службу. У сувязі з гэтым у Пінскім пагранатрадзе адбыліся некаторыя структурныя змены. Напрыклад, за адносна кароткі тэрмін былі адкрыты аддзелы пагранічнай службы (Іванава, Драгічын і Кобрын). Таксама ў Пінскім пагранічным атрадзе значна пашырыўся штат ваеннаслужачых. 

У 2009 г. пачынаецца будаўніцтва яшчэ аднаго важнага объекта - гэта часовы пагранічны пост “Мутвіца”. У максімальна кароткія тэрміны тут плануецца стварыць усю інфраструктуру для паўнавартаснага нясення службы пагранічнымі нарадамі. Таксама ў гэтым годзе пачынаецца капітальны рамонт будынка камендатуры “Рэчыца”, які ўключае ў сябе рэканструкцыю ўнутры памяшканняў, поўнае перайначванне фасада і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Нягледзячы на значнае павелічэнне штата ў Пінскім пагранатрадзе, адказнасць на кожнага ваеннаслужачага па ахове дзяржаўнай граніцы не зменшылася, а наадварот, узрасла.

Гісторыя пагранічных войскаў ведае немала знамянальных дат і падзей, легендарных імёнаў і гераічных учынкаў, мы ганарымся тымі, хто праліваў кроў у імя жыцця будучага пакалення ў ліхалецця Грамадзянскай і суровыя гады Вялікай Айчыннай воін, ганарымся тымі, хто ў наш час надзейна стаіць на абароне рубяжоў нашай Радзімы і паважаем за такія агульначалавечыя каштоўнасці як воінскі абавязак, вернасць народу, гераізм, мужнасць, стойкасць, патрыятызм, адданасць сваёй справе. Новыя пакаленні будуць і надалей захоўваць і памнажаць славутыя традыцыі старэйшага пакалення, будуць служыць прыкладам у ратнай працы маладых воінаў, з гонарам выконваць свой воінскі абавязак, застануцца надзейнымі абаронцамі дзяржаўных інтарэсаў нашай роднай Беларусі і яе народа.