Дзяржаўны пагранічны камітэт
Рэспублікі Беларусь

Інфармацыйны партал

Дзяржпагранкамітэт паведамляе

Пагранічнікі прынялі ўдзел у мерапрыемствах у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны

22.06.2018
Пагранічнікі прынялі ўдзел у мерапрыемствах у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны
Па традыцыі ў Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны памятныя мерапрыемствы па ўсёй Беларусі адкрылі пагранічнікі. Менавіта воіны ў зялёных фуражках 77 гадоў таму першымі перагарадзілі шлях нямецка-фашысцкім захопнікам. У няроўных баях большасць з іх загінула, але не адступіла.

Напярэдадні, вечарам 21 чэрвеня ў Мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» на пляцоўцы каля скульптурнай кампазіцыі «Героям граніцы, жанчынам і дзецям, якія мужнасцю сваёй у неўміручасць ступілі» адбылася акцыя «Баявы разлік». Праз 77 гадоў такім чынам курсанты Інстытута пагранслужбы Беларусі ўшанавалі памяць пагранічнікаў, якія першымі прынялі на сябе зруйнавальны ўдар варожых войскаў у чэрвені 1941-га. Воіны, якія стаялі ў гэтым страі ў той дзень, не здагадваліся, што для абсалютнай большасці з іх ён стане апошнім.

Сімвалічна, што месцам правядзення мерапрыемства стала тэрыторыя каля руін заставы, якой на момант пачатку вайны камандаваў лейтэнант Андрэй Кіжаватаў. Акцыя сімвалізуе сувязь пакаленняў і закліканая нагадаць усім імёны пагранічнікаў, якія праславіліся ў першыя дні вайны. Курсанты Інстытута правялі баявы разлік, трымаючы ў руках партрэты байцоў Беларускай пагранічнай акругі, якія загінулі ў першых баях Вялікай Айчыннай вайны: начальніка 3-й пагранзаставы 86-га Аўгустоўскага пагранатрада лейтэнанта Віктара Усава, намесніка палітрука 4-й пагранзаставы 17-га пагранатрада Івана Бяляева, камандзіра аддзялення 15-й пагранзаставы 17-га пагранатрада малодшага сяржанта Аляксея Новікава і многіх іншых. І ў нашы дні на кожнай пагранічнай заставе штодня ў 19.00 сучасныя вартавыя граніц становяцца ў строй на баявы разлік і заступаюць на службу па ахове граніц Айчыны.

На світанні 22 чэрвеня ўдзельнікі мітынгу-рэквіема ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» ушанавалі хвілінай маўчання загінулых абаронцаў Радзімы, а воіны-пагранічнікі ў памяць пра іх апусцілі вянкі кветак з запаленымі лампадкамі на воды Заходняга Буга.

Тут жа намеснік Старшыні Дзяржпагранкамітэта генерал-маёр Уладзімір Маісеенка прыняў даклад аб завяршэнні эстафеты «100 гадоў на варце граніцы Айчыны», якая стартавала 28 мая на Плошчы Перамогі ў горадзе Мінску. Эстафетная група пабывала ў больш чым сарака прыгранічных гарадах і сельскіх населеных пунктах, у кожным з якіх былі праведзены сустрэчы з мясцовымі жыхарамі, прымеркаваныя памяці пагранічнікаў і савецкіх воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

22 чэрвеня ў 4 раніцы ў Мінску на плошчы Перамогі адбылося ўскладанне вянкоў да манумента Перамогі, у якім прыняў удзел Старшыня Дзяржпагранкамітэта генерал-маёр Анатоль Лапо, афіцэры часцей Мінскага гарнізона, ветэраны-пагранічнікі, курсанты Інстытута пагранічнай службы, актывісты БРСМ. На Вахту Памяці каля Вечнага агню заступілі салдаты роты ганаровай варты.

Мітынгі-рэквіемы, прысвечаныя Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, у гэты дзень на світанні прайшлі таксама ва ўсіх пагранічных групах і атрадах.

  139






ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА